Да восені ніхто не дажыў. Разбіраемся, як выступілі беларускія футбольныя клубы ў Еўропе


Клубам з Расеі пасля пачатку поўнамаштабнай ваеннай агрэсіі супраць Украіны дарога на міжнародныя спаборніцтвы была закрытая. Каманды і спартоўцы Расеі не могуць выступаць на Алімпіядах, чэмпіянатах свету і Еўропы, еўракубкавых турнірах. Такія санкцыі дзеюць і супраць Беларусі за падтрыманне расейскай агрэсіі. Аднак у футболе зрабілі выключэнне.

Юрый Кавалёў у футбольным матчы супраць каманды Румыніі, у адборачным матчы на чэмпіянат Еўропы 2024, 28 сакавіка 2023 г. Бухарэст.
Фота: Razvan Pasarica/SPORT PICTURES / imago sport / Forum

Для Беларусі зрабілі выключэнне, не зважаючы на рэпрэсіі

Беларускія клубы і зборныя могуць браць удзел ува ўсіх спаборніцтвах пад эгідай УЕФА і ФІФА, але ёсць некалькі нюансаў. Гульні не могуць праходзіць на тэрыторыі Беларусі, а хатнія мусяць праходзіць без гледачоў. У выніку беларускія клубы свае хатнія гульні праводзілі ў Будапэшце і Баку. Пры гэтым, робячы выключэнне для Беларусі, чыноўнікі УЕФА не звярнулі ўвагі на некалькі важных фактараў: прадстаўнікі гэтага віду спорту, як і ўсіх астатніх, пераследуюцца ў сённяшняй Беларусі, а дзяржава груба ўмешваецца ў справы футбольнай федэрацыі, што наўпрост парушае статутныя дакументы УЕФА. Больш за тое, сілавікі мелі беспасярэдні ўплыў на размеркаванне беларускіх квотаў у еўракубкі. Але пакуль ніякай рэакцыі еўрапейскай структуры няма.

БАТЭ трапіў у Лігу чэмпіёнаў, не стаўшыся чэмпіёнам, «Нёмну» ў Еўропе ўвогуле не павінна было быць.

Увесну 2023 года АБФФ расследавала дзіўныя матчы ў чэмпіянаце Беларусі з удзелам трох камандаў – «Шахцёра», «Энергетыка-БДУ» і «Белшыны».

Нагадаем, што «Шахцёр» пасля 2020 года стаўся лідарам беларускага футболу. Кіраўніцтва «Беларуськалію» не шкадавала грошай на каманду, у выніку «гарнякі» выгулялі тры чэмпіянаты запар. Адзін тытул яны страцілі 11 траўня. Пастановаю дысцыплінарнага камітэту АБФФ «Шахцёр» пазбаўлены чэмпіёнскага звання і месца ў Лізе чэмпіёнаў.

Упершыню ў сваёй гісторыі «Энергетык-БДУ» заваяваў медалі чэмпіянату, срэбра ў мінулым сезоне, і таксама страціў месца ў Лізе канферэнцыяў. Пры гэтым у АБФФ пастанавілі нікому не аддаваць звання чэмпіёна і віцэ-чэмпіёна сезону-2022. Але БАТЭ не стаўся чэмпіёнам – гуляў у чэмпіёнскай лізе.

«Мы бачым, што БАТЭ фактычна атрымаў тое, чаго не заслужыў, АБФФ умяшалася ў размеркаванне месцаў у еўракубках і дала магчымасць клубу з Барысава добра зарабіць, падарыўшы камандзе 260 тысяч еўраў толькі за ўдзел у Лізе чэмпіёнаў, што відавочна парушае элементарны спартовы прынцып. Пры гэтым «Шахцёр» і «Энергетык-БДУ» фактычна знішчаныя. Гэта значыць, што ў беларускім футболе стане на дзве каманды меней», – кажа «Белсату» на ўмовах ананімнасці спартовы журналіст, які застаецца ў Беларусі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Паўфінал Кубку Беларусі, гуляюць «БАТЭ» і «Нёман». На трыбунах не відаць фанацкіх банераў, але ёсць асобныя людзі з клубнымі шалікамі. Горадня, Беларусь. 19 красавіка 2023 года.
Фота: Fcbate.by

Але сваім шанцам БАТЭ фактычна не скарыстаўся – некалькі разоў ганебна прагуляў, але сетка еўракубкаў пабудаваная так, што клуб здолеў згуляць адразу ў трох турнірах і зарабіць € 1,41 млн. Але ці атрымаў барысаўскі клуб гэтыя грошы? Гэтак, з ФК «Гомель», які зарабіў, узяўшы ўдзел у мінулым еўракубкавым цыкле, пакуль нічога не атрымаў. Не павінна было быць у еўракубках і «Нёмну», які ў мінулым чэмпіянаце заняў толькі 9-е месца. Наш суразмоўца кажа, што і тут быў парушаны спартовы прынцып. «Клуб з Менскага раёну «Іслач» заняў 5-е месца і павінен быў выступаць у еўракубках, але яго не дапусцілі. Нагадаю, што ў 2016 годзе гэтую каманду дыскваліфікавалі за ўдзел у дамоўных гульнях. Мінула сем гадоў – і каманду пакаралі зноў, хоць цяпер тая нічога не зрабіла. Гэта абсурд. Але мы бачым, што ўвесь беларускі футбол цяпер у карупцыі, ім кіруюць выпадковыя людзі», – апавёў «Белсату» беларускі футбаліст Яўген Вяроўка.

У выніку Беларусь у Еўропе рэпрэзентавалі БАТЭ, менскае «Дынама», жодзінскае «Тарпеда-БелАЗ» і гарадзенскі «Нёман».

Лепш за мінулы сезон, але зноў дрэнна

Нагадаем, што ў мінулым сезоне беларускія клубы зусім праваліліся, яны сталіся найгоршымі ў Еўропе, заняўшы апошняе, 55-е месца. Цяпер яны на 49-й пазіцыі, крыху перагналі Паўночную Македонію. Калі б гэтага не здарылася, Беларусь магла страціць адно месца ў еўракубках, але налета, калі ўсё ж беларуская футбольная федэрацыя не трапіць пад санкцыі, краіну рэпрэзентуюць чатыры клубы, як гэтым разам. Найлепшыя футбольныя краіны Еўропы, напрыклад, Вялікая Брытанія і Іспанія, могуць выставіць адразу восем калектываў.

Клубны рэйтынг краіны разлічваецца за апошнія пяць гадоў, і Беларусь, дзе футбол з розных прычынаў дэградуе, стала здае пазіцыі. БАТЭ пачаў свой выступ у еўракубкавай кампаніі з Лігі чэмпіёнаў, дзе не без цяжкасцяў здолеў прайсці албанскі «Partizani» (1:1, 2:0), але на наступнай стадыі барысаўскі клуб проста быў разнесены чэмпіёнам Кіпру «Aris» (2:6, 3:5). Дарэчы, гэтую каманду трэнуе беларускі адмысловец Аляксей Шпілеўскі, і ягоны клуб прабіўся ў групавы турнір Лігі Еўропы. Пасля паразы ад кіпрыётаў у ёй гуляў і БАТЭ, але адразу вылецеў, саступіўшы «Sheriff» з Малдовы (1:5, 2:2). А ў БАТЭ быў яшчэ адзін шанц працягнуць выступ у еўракубках, але зноў буйна саступіў, гэтым разам «Ballkani» з Косава (1:4, 1:0).

Два раўнды ў Лізе канферэнцыяў прайшоў і гарадзенскі «Нёман», які больш за месяц жыў у Еўропе і не вяртаўся ў Беларусь, у выніку абгуляў «Vaduz» з Ліхтэнштэйну (2:1, 1:1), мальтыйскі «Balzan» (0:0, 2:0). І як толькі яму ў супернікі трапіўся сурʼёзны клуб, без шанцаў саступіў славенскаму «Celje» (0:1, 1:4). У гэтым жа турніры выступала менскае «Дынама» і жодзінскае «Тарпеда-БелАЗ», якія вылецелі ўжо ў першым раўндзе.

Гульцы зборнай Беларусі пазіруюць для групавога фота перад матчам са зборнай Славакіі. 25 верасня 2022 г.
Фота: MARKO DJURICA / Reuters / Forum

Пытанне забароны беларускага футболу мусіць гучаць на самым высокім палітычным узроўні

Тым часам рэпрэсіі ў беларускім футболе не спыняюцца. Трэнеры і гульцы трапляюць у турмы праз палітычныя матывы, клубам не даюць магчымасці падпісваць кантракты з нелаяльнымі рэжыму гульцамі – усе падпісанні трэба ўзгадняць у Міністэрстве спорту. У канцы чэрвеня затрымалі спартовага дырэктара «Нёмну» Дзмітрыя Кавалёнка, у выніку легенду клубу з Горадні звольнілі – з палітычных прычынаў. А публічнай рэакцыі з боку гульцоў і трэнераў «Нёмну» не было. У такой сітуацыі ўзнікае пытанне, ці павінны беларускія клубы браць удзел у еўрапейскіх турнірах і зарабляць грошы, якія дастануцца рэжыму Лукашэнкі.

«Беларускі футбол сёння – гэта злачынства ў спорце. АБФФ – гэта не спартовая інстытуцыйная грамадская арганізацыя, а рэпрэсіўная машына, падпарадкаваная вертыкалі таталітарнага рэжыму, што выконвае ідэалагічныя чысткі для лаяльнасці Лукашэнкі. Беларускі футбол за межамі Беларусі – гэта прапаганда праз спорт, гэта спроба інфармацыйнай нармалізацыі рэпрэсіяў і вайны, ні пра якую легітымнасць гаворкі ўжо няма. І таксама гэта грошы: грошы па кішэнях, грошы ад УЕФА, на якія яны спансаруюць усе гэтыя злачынствы», – кажа «Белсату» намеснік Паўла Латушкі ў Аб’яднаным пераходным кабінеце, былы генеральны дырэктар БАТЭ Міхаіл Залеўскі.

Наш суразмоўца упэўнены, што беларускім камандам не месца ў Еўропе: «УЕФА і ФІФА не робяць ніякіх захадаў за выключэннем тэхнічных абмежаванняў, бо няма моцнага грамадскага рэзанансу ў еўрапейскай супольнасці, якога яны не здольныя ігнараваць. Наш прыклад для іх – небяспечны прэцэдэнт Давіда супраць Галіяфа, што агаляе назапашаныя праблемы існавання састарэлай сістэмы. Толькі моцны еўрапейскі грамадзянскі ціск здольны гэта змяніць. І нашыя палітычныя лідары павінны ўздымаць гэтыя пытанні на самым высокім палітычным узроўні».

Беларускія клубы сёлета ўжо не будуць выступаць у Еўропе, але зборная Беларусі пад чырвона-зялёным сцягам працягвае гуляць на еўрапейскіх стадыёнах, беручы ўдзел у адборачным турніры чэмпіянату Еўропы.

АС belsat.eu

Стужка навінаў