Журфак БДУ адмяняе платныя месцы і значна скарачае набор 


З гэтага года факультэт журналістыкі БДУ значна скарачае набор студэнтаў, а платныя месцы ўвогуле адменяць, паведамляе Sputnik. Нагадаем, у сярэдзіне лютага на журфаку змянілася кіраўніцтва.

Факультэт журналістыкі БДУ.
Фота: bsu.by

Студэнты з гэтага года будуць набірацца толькі на дзве спецыяльнасці: «журналістыка» (60 месцаў) і «інфармацыя і камунікацыя» (22 месцы). Прычым адзначаецца, што на дзень «адчыненых дзвярэй» прыйшло больш за 170 абітурыентаў.

Летась на журфак паступілі 100 абітурыентаў, з іх толькі 9 – на платныя месцы. У 2022 годзе набор яшчэ вёўся на яшчэ адну спецыяльнасць – «міжнародная журналістыка».

Новы дэкан факультэту журналістыкі БДУ быў прызначаны 16 лютага. Ім стаў кандыдат гістарычных навук Аляксей Бяляеў. Раней ён загадваў кафедрай паліталогіі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта і перыядычна выступае на СТВ.

У канцы лютага намеснік кіраўніка Адміністрацыі «прэзідэнта» Ігар Луцкі заявіў, што на журфаку БДУ неабходна рыхтаваць не проста журналістаў, а «байцоў інфармацыйнага фронту». «На жаль, да гэтага часу мы выяўляем у структурах СМІ людзей, якія не падтрымліваюць дзяржаўную палітыку. Кадры ў любой СМІ і любой установе – задача нумар адзін кіраўнікоў… Усё гэта павінны дакладна разумець і ўсведамляць. І падрыхтаваць гэтых байцоў інфармацыйнага фронту наша сумесная задача, а не толькі Міністэрства адукацыі і факультэту журналістыкі», – заяўляў ён месяц таму.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў