Бум маркетплэйсаў у Беларусі: сакрэт поспеху і прагнозы на будучыню


Расейскія маркетплэйсы актыўна асвойваюць рынак Беларусі ды імкліва набіраюць абароты. Беларускі бізнес ідзе на новыя пляцоўкі, пакупнікі выстойваюць чэргі ў пунктах выдачы тавараў перад навагоднімі святамі, а дзяржава прыдумляе, як на гэтым усім зарабіць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Рэкламны экран паказвае акцыю інтэрнэт-крамы «Wildberries» са зніжкамі да чорнай пятніцы ў Маскве, Расея. 17 лістапада 2023 года.
Фота: Evgenia Novozhenina / Reuters / Forum

23 лістапада з’явілася навіна, што онлайн-рытэйлер «Wildberries» купляе ўчастак 7 га ў «Вялікім камені» пад размеркавальны цэнтр. У адміністрацыі індустрыйнага парку адзначылі, што такая ўгода продажу зямельнага ўчастку ў прыватную ўласнасць найбуйнейшая ў іх гісторыі ды наагул у Беларусі за 2023 год. Паводле планаў, агульная плошча размеркавальнага цэнтру перавысіць 120 тыс. м². Ён будзе самым вялікім лагістычным абʼектам у Беларусі, прадугледжваецца стварэнне 5–6 тыс. працоўных месцаў. Выглядае досыць салідна на фоне агульнага стану беларускай эканомікі.

Спрабуем разабрацца, як гэта сталася магчымым, у чым сакрэт поспеху маркетплэйсаў у Беларусі і што іх чакае далей.

Сакрэт поспеху

Да росту онлайн-продажаў па ўсім свеце спрычынілася найперш пандэмія каронавіруса. Маркетплэйсы існавалі задоўга да складанай эпідэмічнай сітуацыі, але менавіта ў перыяд пандэміі людзі рассмакаваліся ў гэтым відзе гандлёвых пляцовак, дзе можна знайсці ўсё: ад харчоў да буйной тэхнікі.

Не стаў выключэннем і наш рэгіён. А куды ідуць спажыўцы, туды кіруецца і бізнес. У гэтым плане маркетплэйсы апынуліся зручнымі ды прывабнымі для адных і другіх. Сотні тысяч прадаўцоў, сотні мільёнаў таварных пазіцыяў, дзясяткі мільёнаў наведнікаў, вялікая і зручная сетка пунктаў выдачы тавараў, гнуткая цэнавая палітыка – вось у чым сакрэт поспеху маркетплэйсаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пункт прыёму замоваў інтэрнэт-крамы «Wildberries». Масква. Расея. 15 сакавіка 2023 года.
Фота: Petrov Sergey / Russian Look / Forum

Паспрыяла развіццю і няпростая сітуацыя з раздробным гандлем у Беларусі: зніжэнне пакупніцкай здольнасці насельніцтва, увядзенне цэнавага рэгулявання, выхад некаторых дастаўцаў, праблемы з лагістыкаю.

Маркетплэйс у параўнанні са стварэннем уласнай онлайн-крамы – значна больш просты і хуткі спосаб пачаць прадаваць сваю прадукцыю ў інтэрнэце і выйсці на іншыя рынкі. Шмат якія пытанні – напрыклад, арганізацыя складскога захоўвання, дастаўка тавару да пакупніка, прыём плацяжоў ды іншыя – бярэ на сябе пляцоўка. Вядома, за гэта яна атрымлівае пэўную камісію ад продажаў, якая як правіла не перавышае 3–15 % і залежыць ад катэгорыі тавару ды яго кошту. Пагатоў плюсы тут пераважаюць: продажы праз такія пляцоўкі зніжаюць выдаткі на маркетынг, лагістыку і адначасова за кошт шырокай геаграфіі карыстальнікаў дазваляюць істотна павялічыць абарот.

Але ёсць і свае мінусы: высокая канкурэнцыя з аднолькавымі для ўсіх прадаўцоў умовамі, абмежаваныя магчымасці ўзаемадзеяння з пакупнікамі, немагчымасць прыцягваць і ўтрымліваць сталых кліентаў, прасоўваць свой тавар у моры падобных прапановаў. Узнікаюць пытанні юрыдычнага характару: наконт падаткаў і цэнавага рэгулявання. Таму бізнес на маркетплэйсах пабудаваць усё ж не так лёгка, як падаецца на першы погляд. Паводле звестак аналітычных платформаў, выжываюць на пляцоўках далёка не ўсе прадаўцы.

Каментар
«Забітыя склады – не заўсёды кепска». Чаму ў Беларусі не хапае складскіх памяшканняў?
2023.04.19 09:30

«Wildberries» і «Ozon»: вялікія рыбы ў адным акварыуме

Расейскія маркетплэйсы абралі шлях актыўнага асваення рынку Беларусі і хутка набіраюць абароты. Ідуць туды і беларускія вытворцы ды бізнесы. Ужо сёння на іх добра прадаецца беларускае адзенне, трыкатаж, бялізна, касметыка, побытавая хімія, тавары для дому. Дарэчы, тавары беларускіх прадаўцоў карыстаюцца вялікаю папулярнасцю ў пакупнікоў у Расеі.

Асноўную долю рынку на гэты момант дзеляць паміж сабой буйныя гульцы – «Wildberries» і «Ozon».

На пляцоўцы «Ozon» – больш за 200 млн таварных найменняў, на ім прысутнічаюць каля 300 тыс. прадаўцоў і каля 40 млн пакупнікоў па ўсім свеце. На «Ozon» ужо выйшлі больш за 3,5 тыс. субʼектаў гаспадарання з Беларусі. Іх колькасць з пачатку 2023 года вырасла ў 5 разоў. Пакупнікоў у Беларусі стала больш таксама ў 5 разоў. За першае паўгоддзе абʼём продажаў маркетплэйсу ў Беларусі павялічыўся ўдвая, і да канца 2023 года «Ozon» плануе нарасціць продажы ў 2,5 разу.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фургон інтэрнэт-крамы «Ozon» прыпаркаваны каля пункту самавывазу ў Маскве, Расея. 16 сакавіка 2023 года.
Фота: Natalia Kolesnikova / AFP / East News

Маркетплэйс «Wildberries» заяўляе, што на яго складах 500 млн тавараў, а сетка платформы залучае 30 тыс. пунктаў выдачы замоваў у 8 краінах, што таксама прыцягвае цікавасць беларускіх бізнесоўцаў.

У нашай краіне ў платформы налічваюцца 15, 4 тыс. зарэгістраваных прадаўцоў, колькасць якіх з пачатку 2023 года павялічылася на 30 %. Продажы ад розных беларускіх прадаўцоў на «Wildberries» ува ўсіх краінах прысутнасці пляцоўкі са студзеня да жніўня 2023 года склалі Br 967,6 млн, што на 74 % больш за аналагічны перыяд мінулага года.

У топе продажаў – адзенне і касметыка

Маркетплэйсы актыўна асвойваюць не толькі прыватныя, але і дзяржаўныя беларускія кампаніі. Паказнікі продажаў папулярных беларускіх брэндаў сёлета ў параўнанні з мінулым выраслі ў разы. Гэтак, у топ беларускіх брэндаў паводле абʼёму продажаў на «Wildberries» у 2023 годзе трапіла прадукцыя «Mark Formelle», «Milavitsa», «Avalon», «Relouis», «Conte», «Амі Мэбля». Сярод харчоў высокімі абʼёмамі продажаў на гэтай онлайн-платформе вылучаюцца кандытарскія фабрыкі «Камунарка» і «Спартак», а таксама вытворцы малочнай і мясной прадукцыі: «Квінфуд» (ТМ «Горадфуд»), Бярозаўскі мясакансервавы камбінат, «Беллакт», Рагачоўскі ММК.

Са студзеня да чэрвеня 2023 года ў топ-10 катэгорыяў беларускіх тавараў, што дынамічна растуць, на «Wildberries» увайшлі: садовыя прылады (573 % у параўнанні з аналагічным перыядам 2022-га), побытавая тэхніка (526 %), сантэхніка (265 %), аксесуары для абутку (220 %), тавары для дзяцей (186 %), тавары для адпачынку і кэмпінгу (172 %), будаўнічыя прылады (157 %), харчы (152 %), канцылярскія тавары (155 %), гаспадарчыя тавары (127 %).

У топ-5 самых прадаваных беларускіх тавараў у грашовым выражэнні ў першым паўгоддзі аказалася адзенне (Br 151,6 млн), касметыка і парфумерыя (Br  88,7 млн), бялізна (Br  48,1 млн), тавары для дому (Br 35,1 млн), цацкі (Br  25,5 млн).

Дзякуючы маркетплэйсу экспарт беларускай прадукцыі ў Арменію ў першым паўгоддзі вырас на 174 %, Кыргызстан – на 143 %, Казахстан – на 56 %, Расею – на 48 %.

Hавiны
Суд аштрафаваў «Wildberries» за платнае вяртанне тавару
2023.01.17 20:30

Што чакае маркетплэйсы ў Беларусі

Відавочна, трэнд на куплю-продаж на маркетплэйсах захаваецца і будзе расці. Будзе расці і канкурэнцыя сярод прадаўцоў. Таксама пляцоўкі будуць развівацца ў вузкаспецыялізаваным кірунку. Мы цяпер на ступені іх развіцця, якую Кітай прайшоў 7-8 гадоў таму. Кітай ужо на тым этапе, калі на кожную, нават спецыфічную галіну, ёсць свой маркетплэйс: стаматалогія, будаўнічая сфера, зоатавары ды іншае. Хутчэй за ўсё, такі ж шлях чакае і наш рынак. Акрамя гэтага, на старце цяпер маркетплэйсы для сферы бізнес для бізнесу.

Цяперашні бум маркетплэйсаў у Беларусі прыцягнуў увагу дзяржавы. Сёння ў высокай ступені гатовасці змены ў Закон аб дзяржаўным рэгуляванні гандлю і грамадскага харчавання ў Рэспубліцы Беларусь. У дакумент залучаць асноўныя прынцыпы працы інтэрнэт-гандлю, у тым ліку прапісаныя правілы гульні для маркетплэйсаў. Паралельна Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю вядзе дыялог з кіраўніцтвам «Ozon» і «Wildberries». Відавочна, дзяржава зацікаўленая ў такіх гульцах на рынку, аднак мае і свой выразны інтарэс. Так што хутка маркетплэйсы загоняць у пэўныя рамкі.

Таксама эксперты агучваюць цалкам лагічнае меркаванне, што маркетплэйсы, разумеючы сваю значнасць на рынку, з часам могуць павысіць камісію за сваю дзейнасць. Магчыма, да гэтага іх падштурхнуць у тым ліку змены ў беларускім заканадаўстве.

Аналітыка
Сілавікі супраць гандлю. Хто ў беларускім рытэйле правініўся, «зажэрся» і «страх згубіў»
2023.03.02 07:08

Саша Гоман belsat.eu

Стужка навінаў