За жалезнаю сцяною. На зборы за мяжу не пускаюць беларускіх футбольных клубаў


Футбольныя клубы ўсёй Еўропы едуць узімку для якаснага рыхтавання на спартовыя зборы ў цёплыя краіны: у Турцыю, ААЭ, Катар, на Кіпр. І толькі беларускія каманды трэці год запар не выязджаюць з краіны. Разбіраемся чаму.

Трэнаванне беларускай зборнай па футболе.
Фота: belarus_football_team / Instagram

Супраць Расеі дзеіць міжнародная забарона: клубы і зборныя гэтай краіны афіцыйна адхіленыя ад чэмпіянатаў свету, Еўропы і ад еўракубкаў, але, тым не менш, расейскія клубы масава едуць на міжсезонныя зборы за мяжу. Туды ж, нягледзячы на вайну з Расеяй, прыязджаюць каманды з Украіны, яны выбіраюць гатэлі без расейцаў. Напрыклад, у Турцыі можна сустрэць каманды з Балгарыі, Сербіі, Польшчы або Ісландыі, нават з Таджыкістану і Узбекістану. Там ёсць усе, акрамя беларускіх камандаў, якіх ужо тры гады не выпускаюць за мяжу на навучальна-трэнавальныя зборы. Чаму? Бо чыноўнікі Лукашэнкі думаюць, быццам у Беларусі створаныя ўсе ўмовы, каб якасна падрыхтавацца да сезону: ёсць палі, стадыёны, манежы і базы. І грошы, якія клубам дае дзяржава, неабходна пакінуць у гэтай дзяржаве. Але ці можна якасна падрыхтавацца да сезону ў Беларусі?

Варымся ў сваім соку

Самае цікавае, што калі раней такая практыка выклікала ў гульцоў і трэнераў абурэнне і незадаволенасць, то пасля пачатку масавых рэпрэсіяў ахвочых выказвацца публічна наконт адсутнасці замежных збораў у Беларусі няшмат. Пакуль гавораць і абураюцца адзінкі. Напрыклад, галоўны трэнер бронзавага прызёра жодзінскага «Тарпеда-БелАЗ» Дзмітрый Молаш, які рэзка выступіў на дзяржаўным тэлебачанні: «У цяперашніх умовах, вы разумееце, ніхто не можа паехаць у Турцыю, напрыклад. Галоўная праблема – адсутнасць якасных спарынгаў. Пра гэта ўсе трэнеры Найвышэйшай лігі гавораць. Бракуе міжнароднага досведу. Варымся ў сваім соку. Паміж сабою зімовы турнір праводзім, потым летні. Хацелася б больш спарынгаў. Тады і ў еўракубках лепшыя вынікі былі б. І ў зборнай гулялі б хлопцы з досведам. Пакуль што так. Гэта неацэнны досвед, калі гуляеш з моцнымі супернікамі з іншых краінаў. Глядзіш на тое, як людзі там гуляюць. Напэўна, гэтага нам не стае, каб больш паспяхова выступаць у еўракубках».

Былы футбаліст Найвышэйшай лігі чэмпіянату Беларусі Яўген Вяроўка бачыць некалькі прычынаў, чаму клубаў не выпускаюць за мяжу: «Па-першае, футбольныя ўлады хочуць зменшыць выдаткі, яны ж на ўсім цяпер ашчаджаюць. Як на мяне, гэта дурная адсябяціна: клубы маюць трэнавацца ў нармальных умовах. Замежныя зборы – гэта, у першую чаргу, камфорт для камандаў, гэта добрыя палі, добрае надворʼе. Цяпер грошай няма, але раней нават самыя бедныя клубы выязджалі на зборы ў Польшчу ці ва Украіну. У той жа Турцыі ідэальныя палі і ўмовы падрыхтавацца, у Беларусі нават і блізка няма нічога падобнага, а значыць, беларускі футбаліст губляе ў якасці. Мы ж бачым, як дэградуе футбол у Беларусі. Няма належнага фінансавання, не прыязджаюць нармальныя легіянеры, у клубаў нават няма нармальнай падрыхтоўкі да сезону. Я памятаю, калі гуляў у камандзе «Тарпеда-МАЗ», мы ў 1999 годзе ездзілі на зборы ў Харватыю, Турцыю, на Кіпр – трэнаваліся ў ідэальных умовах, гулялі з сурʼёзнымі супернікамі, з прадстаўнікамі розных футбольных школаў. Тады і цяпер зборы – гэта прынцыпова розныя рэчы».

А вось футбалісты, якія застаюцца ў Беларусі, моцна баяцца размаўляць з «Белсатам», але ўсё ж некаторыя пагаджаюцца на ўмовах поўнай ананімнасці.

«Я, памятаю, упершыню ў 17 гадоў на зборы за мяжу паехаў. Круты гатэль, ідэальныя палі і супернікі рознага ўзроўню з розных краінаў. Здавалася, далей будзе толькі лепш, але пасля 2020-га футбол у нас у краіне дэградуе. Гуляеш на ледзяных палях або на штучных у манежы, не ўсюды нават памыцца можна нармальна. Тут нават параўноўваць няма чаго зборы ў Беларусі і ў Турцыі. А тут шэсць разоў за сезон гуляеш са «Славіяй» і пяць са «Слуцкам», гэта моцна дакучае. Але цяпер усе маўчаць, нават у інтэрвʼю баяцца сказаць. А што толку казаць? Бо нічога не зменіцца, трапіш у чорныя спісы – і ні футболу, ні грошай, ні за мяжу не выпусцяць», – мяркуе беларускі футбаліст, які пакуль застаецца без клубу.

Якая альтэрнатыва замежным зборам?

Цяпер клубы, як правіла, рыхтуюцца да сезону ў родных гарадах і выязджаюць на таварыскія матчы альбо на турніры ў найбліжэйшыя гарады. Першы такі прайшоў у Магілёве, яго ў суперніцтве з «Нёмнам», «Гомлем» і «Дняпром» выгуляў чэмпіён Беларусі – менскае «Дынама». Другі завяршыўся 2 лютага ў Жодзіне, яго ў кампаніі жодзінскага «Тарпеда-БеЛАЗу», БАТЭ і «Цэнтру футболу» выгуляў гарадзенскі «Нёман». У хуткім часе пройдзе яшчэ некалькі турніраў. Паралельна беларускія клубы будуць гуляць адзін з адным у таварыскіх матчах. Старт сезону запланавалі на 25 лютага, але праз «выбары» перанеслі на 2 сакавіка, калі адбудзецца матч за Суперкубак Беларусі, у якім згуляюць менскае «Дынама» і жодзінскае «Тарпеда-БеЛАЗ». Чэмпіянат Беларусі стартуе 14 сакавіка.

Агляд
Беларускія спартовыя клубы ўжо ў Расеі, супраціўляецца толькі футбол
2024.01.31 17:26

АС belsat.eu

Стужка навінаў