Як прыватны бізнес зарабляе на імпарце з Беларускага металургічнага заводу


Журналісты Альянсу расследавальнікаў Беларусі атрымалі доказы таго, як прыватны бізнес зарабляе на імпарце ў ЗША сталі з Беларускага металургічнага заводу.

Дзякуем кіберпартызанам і Максіму Саўчуку (праект «Схеми») за дапамогу ў рыхтаванні матэрыялу.

Завод заўсёды быў арыентаваны на экспарт, на які скіроўвалася каля 80 % прадукцыі. У пачатку 2000-х гадоў зарганізаваць эфектыўную рэалізацыю беларускай прадукцыі ўзяўся ўрад. Савет Міністраў пастанавіў стварыць за межамі краіны сетку супольных з беларускімі вытворцамі кампаніяў. Гэтак БМЗ стаўся сузаснавальнікам фірмаў у Еўропе, Кітаі, Расеі ды ЗША.

Значную частку прадукцыі, а гэта ў асноўным сталёвыя бясшвовыя трубы, грузілі на караблі ва ўкраінскім порце «Паўднёвы» ў Адэскай вобласці. Напрыклад, з 2009 да 2019 года з «Паўднёвага» ў амерыканскія парты былі ажыццёўленыя 57 рэйсаў і дастаўленыя больш за 1 мільён тонаў беларускай сталі. Ува ўсіх выпадках прадаўцом выступаў БМЗ, а пакупніком – амерыканская «Вel-Kap-Steel» (супольная кампанія БМЗ і аўстрыйскай «Pisec Group»).

Фота перадалі рэдакцыі

Але ў 2020 годзе сітуацыя змянілася: БМЗ спыніў экспартаваць на «Bel-Kap-Steel», а галоўнымі гандлёвымі партнёрамі беларускага заводу ў ЗША сталіся прыватныя кампаніі: «Pisec Group Амеrіса» Карла Пісэца і «Commodity General Trading» беларуса Сяргея Карпушкіна. З 2020 да красавіка 2022 года «Pisec Group» завезла ў ЗША больш за 60 тыс. т. стальной прадукцыі, «Commodity» з 2019 да красавіка 2022 года – больш за 11 тыс. т.

Знаёмцеся: Сяргей Карпушкін

Раней Сяргей Карпушкін працаваў на БМЗ, затым у напалову бээмзэшным «Bel-Kap-Steel». У LinkedIn ягоным месцам працы дасюль пазначаны «Bel-Kap-Steel».

Сяргей Карпушкін. Калаж: Белсат

З 2004 года сям’я Карпушкіна стала жыве ў ЗША, дзе валодае сеткаю кампаніяў. Акрамя «Commodity General Trading», праз якую завозіліся сталёвыя вырабы з БМЗ, у розны час Карпушкін меў беспасярэдняе дачыненне да кампаніяў, якія займаюцца, мяркуючы з назваў, аперацыямі з металам: «FE Metal LLC», «Republic Steel Trading LLC», «Steel Globe LLC», «Steel Trading LLC».

Бізнесовец Сяргей Курчанка.
Фота: sergeykurchenko.com

Але не так даўно дзейнасць Карпушкіна прыцягнула ўвагу праваахоўнікаў ЗША, бо ягоным партнёрам быў украінец Сяргей Курчанка, якога за часоў прэзідэнцтва Віктара Януковіча называлі наймаладзейшым алігархам у гісторыі Украіны. Пасля падзеяў Еўрамайдану, у лютым 2014-га, Курчанка з’ехаў у Расею і пачаў займацца бізнесам на тэрыторыі анексаванага Крыму і акупаванага Данбасу.

Дакумент перадалі рэдакцыі
Дакумент перадалі рэдакцыі
Дакумент перадалі рэдакцыі
Дакумент перадалі рэдакцыі

Увесну 2023 года Міністэрства юстыцыі ЗША паведаміла пра арышт і абвінавачванні Сяргея Карпушкіна, які разам з кампаньёнам Джонам Унсаланам браў удзел у схеме абыходу Сяргеем Курчанкам санкцыяў шляхам закупу сыравіны. Карпушкін прызнаў віну і заключыў угоду са следствам. Ён прызнаўся не толькі ў тым, што яны пастаўлялі ў ЗША сталеліцейную прадукцыю з акупаваных тэрыторыяў Украіны, абыходзячы санкцыі, таксама яны падраблялі або «лекавалі» (у іхнай тэрміналогіі) сертыфікаты заводскіх выпрабаванняў, выдаючы прадукцыю, якая пастаўляецца як легальная.

Джон Унсалан. Крыніца: runyweb.com

Пакаранне за зробленае: да 5 гадоў пазбаўлення волі і неабходнасць выплаціць штраф. Агульная сума незаконнага абароту склала амаль $ 140 млн, а сума заробку Сяргея Карпушкіна склала $ 4,7 млн. У бюджэт ЗША давядзецца вярнуць суму ўдвая большую, то бок $ 9,4 млн. Следства высветліла, што Сяргей Карпушкін свядома заключаў угоды з падкантрольнымі Курчанку кампаніямі, зарэгістраванымі на Кіпры і ў Гон-Конгу. У справе быў і трэці бок, з якім дзяліліся, але ў матэрыялах яго не згадваюць.

Бізнес у Польшчы

Журналісты-расследавальнікі АРБ звяртаюць увагу на наступныя факты, якія наўрад ці ёсць супадзеннем.

22 лістапада 2021 года Сяргей Карпушкін робіць свайго сына Канстанціна топ-менеджарам кампаніі «Commodity General Trading», а ўжо 4 красавіка 2022-га Канстанцін Карпушкін набывае 66 % кампаніі «Incofer» у Польшчы. Пасля прыходу Карпушкіна-малодшага кампанія, якая да гэтага гандлявала металапрадукцыяй і перажывала не найлепшы час, прадэманстравала рэзкае павелічэнне абаротаў і такое ж рэзкае падзенне прыбытку. Калі ў 2021 годзе абароты кампаніі склалі 10,5 млн злотых, а прыбытак – 1,05 млн, то ў 2022 годзе абарот кампаніі склаў рэкордныя 24,3 млн злотых, а вось зарабіла яна ўсяго толькі 66 200 злотых. Паводле сярэднеўзважанага курсу долара да злотага за 2022 год гэта складае $ 5,46 млн, і $ 14,9 тыс. адпаведна.

У пагадненні аб прызнанні віны Карпушкіна пазначана, што ў схеме была задзеяная фірма «Commodity General Trading». Толькі ад угодаў з адной з кампаніяў Курчанкі фірма дапамагла набыць падсанкцыйныя тавары на суму больш за $600 тыс.

У іншай справе ў судзе акругі Луізіяна вызначана, што «Commodity» – афіцыйны дылер БМЗ. Завод, спыніўшы пастаўкі на сваё даччынае прадпрыемства «Bel-Kap-Steel», пачаў супрацоўнічаць з новым афіцыйным дылерам – прыватнаю кампаніяй «Commodity General Trading», уласнік якой дапамагаў украінскаму алігарху абыходзіць санкцыі ЗША. Чаму кіраўніцтва БМЗ пайшло на такі нелагічны крок, няясна. Бо тым самым яны пазбавілі сябе права атрымліваць дывідэнды ад дзейнасці «Bel-Kap-Steel», але гэтым няхітрым спосабам увесь прыбытак пачаў асядаць у кішэнях пасярэдніка, які не мае дачынення да заводу.

Ганаровы консул Сэйшэльскіх Астравоў

Цэнтральны офіс кампаніі «Pisec Group GmbH» месціцца ў Вене на вуліцы Гусгаўсштрасэ (Gußhausstraße), у адным будынку з консульствам Сэйшэльскіх Астравоў, а Карл Пісэц – ганаровы консул. У Злучаных Штатах зарэгістраваная даччыная структура «Pisec Group GmbH-Pisec Group America, LLC». Гэтая кампанія, як і «Commodity» Сяргея Карпушкіна, пачала імпартаваць у ЗША прадукцыю БМЗ пасля таго, як завод спыніў пастаўкі на «Bel-Kap-Steel». Канчатковы бенефіцыяр абедзвюх кампаніяў – аўстрыец Карл Пісэц. У адной з кампаніяў ён уладальнік, у другой – сузаснавальнік. З БМЗ фірмы Пісэца працавалі яшчэ з 1990-х. Менавіта супольна з «Pisec Group» БМЗ ствараў «Bel-Kap-Steel». Але «Bel-Kap-Steel» пасля ўварвання Расеі ва Украіну трапіў пад санкцыі ЗША ў 2023 годзе разам з БМЗ, а вось «Pisec Group» – не.

«Pisec Group» заснаваў бацька Карла Пісэца, Карл Пісэц – старэйшы ў сярэдзіне 1950-х. Гэта была звычайная гандлёвая кампанія, якая забяспечвае Заходнюю Еўропу прадукцыяй з Усходу, неўзабаве яна вырасла ў сурʼёзнага гульца, а Пісэц-старэйшы стаў не толькі вядомым прадпрымальнікам, але і ўплывовым палітычным дзеячам: быў сябрам Федэральнай рады, займаў розныя пасады ў Венскай гандлёвай палаце, быў ганаровым генеральным консулам Сэйшэльскіх Астравоў у Аўстрыі, чальцом Аўстрыйскай народнай партыі. Пісэц-малодшы прыняў кіраванне кампаніяй у 1990-х, а разам з кампаніяй атрымаў у спадчыну і частку ўплыву ў гандлёва-фінансавай ды палітычнай сферах.

Карл Пісэц – малодшы. Калаж: metallurg.belsteel.com / pisec.pl

З канца 1990-х Пісэц-малодшы – чалец Аўстрыйскай гандлёвай палаты (WKO), якая адкрыта называла санкцыі супраць Расеі абсурднымі, а таксама публічна і рэгулярна браў удзел у захадах, зарганізаваных рэжымам Лукашэнкі.

У 2015 годзе Пісэц-малодшы быў сустаршынём аўстрыйскай дэлегацыі на пасяджэнні Беларуска-аўстрыйскай дзелавой рады ў Менску.

Мяркуючы са звестак справаздачаў, структуры «Pisec Group» занялі месца калісьці спецыяльна створаных даччыных кампаніяў БМЗ, выціскаючы іх. У ЗША БМЗ спыніў працаваць з напалову сваёй «Bel-Kap-Steel, а скіраваў экспарт на «Comodity» Карпушкіна і «Pisec Group» Карла Пісэца. Падобная сітуацыя склалася і, напрыклад, у Польшчы. Там дачка «BMZ Polska» ў 2018 годзе перастала атрымліваць тавар ад БМЗ і ў выніку ў 2021-м была зліквідаваная.

У той жа час у «Pisec Group Poland», зарэгістраванай на тым жа адрасе, не было праблемаў ні з дастаўкамі, ні з абаротам. Кампаніі, якія ў звычайным жыцці маюць канкураваць, былі пад адным і тым жа адрасам. Пры гэтым Томас Фольдэ, дырэктар «BMZ Polska», адначасова працаваў на галоўную кампанію «Pisec» у Аўстрыі. Заставанне на адным адрасе не перажыла менавіта польская дачка «Bel-Kap-Steel», якая мае апасродкаванае стаўленне да БМЗ. У 2017 годзе выручка кампаніі склала 77,1 млн злотых, а чысты прыбытак – 1,2 млн. У 2018 годзе абароты склалі 26 млн злотых, чыстая страта – 338 тыс. злотых. У 2019 годзе: выручка – 18,3 тыс., страты – амаль 100 тыс. У сваіх тлумачэннях да сітуацыі кіраўніцтва кампаніі адзначала, што «не ўдаецца аднавіць стасункаў  з адзіным дастаўцам», то бок з БМЗ.

Пры гэтым «Pisec Group» не мела праблемаў з дастаўцам. За першы год працы на польскім рынку выручка склала 15,4 млн злотых. Усяго за два гады кампанія здолела выйсці на бясстратную працу. Ці варта казаць, што на дакументах абедзвюх кампаніяў меўся адзін і той жа подпіс – Патрыка Тайшля, топ-менеджара адразу і «Pisec», і «Bel-Kap-Steel». Відавочны канфлікт інтарэсаў.

Філіял, гучна названы «Pisec Group Scandinavia», месціцца ў Клайпедзе і паказаў страту ў 2022 годзе амаль на € 36 тыс., там няма ніводнага работніка. Выглядае вельмі дзіўна, што да «Pisec Group Scandinavia» пад гэтым жа адрасам размяшчаўся «Bel-Kap-Steel Scandinavia, UAB», цяпер ужо ліквідаваны. Абарот у рэкордным 2014 годзе ў гэтага прадпрыемства перавышаў € 10 млн.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прадукцыя Беларускага металургічнага заводу.
Фота: BelSteelWorks / Facebook

Цяпер і БМЗ, і яго дачынная кампанія «Bel-Kap-Steel» – пад санкцыямі ЗША. Цяпер ні «Comodity» Карпушкіна, ні «Pisec Group» Карла Пісэца не могуць імпартаваць прадукцыі БМЗ у Злучаныя Штаты. Сяргей Карпушкін, хутчэй за ўсё, найбліжэйшыя гады правядзе за кратамі. А вось структуры «Pisec» ні пад якія абмежаванні не трапілі.

Для праваахоўнікаў можа быць цікавай угода «Pisec Group America», якая ўжо падчас вайны і пасля ўвядзення санкцыяў ЕЗ 20 чэрвеня 2022 года даставіла беларускі дрот коштам $ 310 тыс. з Літвы ў Эквадор. Калі акажацца, што кантракт падпісалі пасля 2 сакавіка 2022 года, гэта можна разглядаць як абыход санкцыяў.

Гэтак, асобныя менеджары тавараправоднай сеткі БМЗ будуюць паралельны нелегальны бізнес, зарабляючы на гэтым круглыя сумы, мэтанакіравана ствараюцца паралельныя структуры, куды перакіроўваецца гандаль прадукцыяй БМЗ, пазбаўляючы завод дывідэндаў. У выніку вонкавагандлёвая дзейнасць БМЗ перайшла ў рукі замежных пасярэднікаў, што немагчыма без ведама і згоды рэжыму Лукашэнкі.

АРБ скіраваў запыты БМЗ, кампаніям «Bel-Kap-Steel» і «Pisec Group» з просьбаю пракаментаваць сітуацыю. На момант публікацыі каментары не былі атрыманыя.

Паглядзець расследаванне АРБ пра БМЗ можна тут.

Альянс расследавальнікаў Беларусі

Падтрымаць каманду АРБ: PayPal – arb2021@protonmail.com

Bitcoin: bc1qyr365v0y6mgzljldhyfu5gx9nwemylfzzrh0zc

Вelsat.eu / Авер

Стужка навінаў