Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 1 лістапада


«Белсат» падводзіць вынікі 251-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 1 лістапада чытайце ў нашым аглядзе.

Цягам содняў заставалася адносна стабільнай лінія фронту ў паўночна-ўсходняй частцы Харкаўскай вобласці. Міністэрства абароны Расеі паведамляе пра адбіццё ўкраінскай атакі ў ваколіцах населенага пункту Арлянка ў Купянскім раёне. Ваенкор Сямён Пегаў піша, што па пазіцыях ЗСУ ў райцэнтры біла расейская артылерыя. Тэлеграм-канал «Рыбарь» мяркуе, што шэраг няўдалых атак ЗСУ цягам апошняга тыдню прывялі да вялікіх стратаў у жывой сіле і тэхніцы, таму цяпер украінскі бок чакае контрнаступаў праціўніка і рыхтуецца да абароны на ўсходзе ад Купянску.

У Луганскай вобласці Збройныя сілы Украіны атакавалі пазіцыі расейцаў у ваколіцах сёлаў Мікалаеўка і Куземаўка, таксама Мінабароны РФ піша пра зрывы ўкраінскіх атак у бок Чырвонапапоўкі і Макееўкі. Сямён Пегаў сцвярджае, што ЗСУ атакавалі і кірунку Сватава. «Рыбарь» паведамляе, што ўкраінскія войскі фарсіравалі раку Жарабец у ваколіцах Стэльмахоўкі і цяпер рыхтуюцца да штурму расейскіх пазіцыяў. Таксама крыніца піша, што ўкраінцы назапашваюць тэхніку на подступах да Крэмінной і плануюць прарваць лінію фронту на поўнач ад гораду.

Ваенныя праязжаюць каля згарэўшых танкаў. 18 кастрычніка 2022, Харкаўская вобласць, Украіна.
Фота: Белсат

Генеральны штаб ЗСУ піша, што ў Данецкай вобласці расейцы працягвалі наступаць на бахмуцкім і аўдзееўскім кірунках, але больш падрабязна пра сітуацыю на фронце ўкраінскае камандаванне не распавядае. У гэты ж час Сямён Пегаў піша пра цяжкія баі на ўскрайках Салядару і Бахмуту, а таксама аб прасоўванні расейцаў у Мар’інцы, але сур’ёзных поспехаў у дзеяннях расейцаў ваенкор не адзначае. Іншы ваенкор Яўгеній Паддубны паведамляе пра аднаўленне баёў пад Вуглядарам, дзе расейцы намагаюцца выбіць ЗСУ з прыгарадных сёлаў Паўлаўка і Новаміхайлаўка, а таксама ўзяць пад свой кантроль трасу Вуглядар – Мар’інка. Былы міністр абароны так званай ДНР Ігар Гіркін мяркуе, што на гэтым кірунку ў расейцаў няма асаблівых поспехаў, паколькі ўкраінскія сілы паспелі перакінуць свае рэзервы і цяпер стабілізуюць лінію фронту.

Па лініі фронту ў Запарожскай вобласці працягваецца адноснае зацішша: праціўнікі не праводзяць наземных аперацыяў, пра гэтым здзяйсняюць узаемныя артылерыйскія абстрэлы. «Рыбарь» працягвае фіксаваць перасоўванне ўкраінскіх рэзерваў бліжэй да лініі фронту.

Між тым на акупаванай тэрыторыі ў Запарожжы працягваюць дзейнічаць украінскія дыверсанты. Так, учора ў Бярдзянску быў здзейснены замах на расейскага намесніка мэра гораду па пытаннях вонкавай палітыкі і масавых камунікацыяў Паўла Ішчука. У выніку калабарант быў паранены і цяпер знаходзіцца ў больніцы ў цяжкім стане.

У Херсонскай вобласці ЗСУ атакавалі пазіцыі расейцаў у ваколіцах Мылавога, Суханава, Брускінскага, Кастромкі і Зялёнага Гаю. Паводле расейскага Мінабароны, гэтыя атакі не мелі поспехі, украінскія войскі адышлі на старыя пазіцыі.

Генштаб ЗСУ паведамляе, што агулам за содні было знішчана каля 650 расейскіх вайскоўцаў, пасля чаго беззваротныя страты РФ з моманту пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне дасягнулі 72 470 чалавек.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

ВК belsat.eu

Стужка навінаў