Неабыякавы чалавек. Інтэрвʼю са стваральнікам каналу архіўнага беларускага відэа на Youtube


Унікальныя гістарычныя відэа Беларусі 1980-2000-х гадоў з’явіліся на адмысловым канале ў Youtube. Стваральнік каналу сутыкнуўся з пагрозамі, на яго меркаванне, ад дзяржаўных органаў, калі пачаў распаўсюджваць ролікі  праз сацыяльныя сеткі. «Але пры гэтым мне паступіла і велізарная колькасць падзяк ад карыстальнікаў», – распавёў ён.

Стваральнік каналу на Youtube і ўладальнік архіваў згадзіўся паразмаўляць з belsat.eu на ўмовах ананімнасці і папрасіў называць сябе проста «неабыякавы чалавек».

– Першае пытанне – дзе знайшліся гэтыя ролікі і як атрымалася іх спампаваць і выкласці?

– Я наткнуўся на гэтыя відэа досыць выпадкова. У рэчаіснасці архіў ужо быў сфармаваны, але ў досыць ненадзейнай з пункту гледжання захоўвання і нязручнай для вывучэння і прагляду форме. Да таго ж, ён быў сфармаваны на асобным сайце і серверы, якія ніяк не індэксаваліся, і па-за буйнымі відэахостынгамі, такімі як Youtube. Фактычна, гэта выглядала як вялікая праца, пра якую мала хто ведаў і з яrой мала хто меў магчымасць пазнаёміцца. Мне стала зразумела, што існуе рызыка страты гэтай інфармацыі, бо я сутыкаўся з сітуацыямі, калі ўладальнік можа страціць да рэсурсу цікавасць або проста забываецца пра яго існаванне. Гісторыя ведае падобныя прыклады ў шматлікіх варыяцыях, калі вынікі значнай і карыснай дзейнасці застаюцца незаўважанымі. Мне падалося гэта няправільным.

– Колькі часу заняла праца па падрыхтоўцы архіваў для публікацыі?

Увесь працэс перафарматавання і апрацоўкі ў выніку заняў калі 3 тыдняў з майго боку.

Апошні дзень галадоўкі ў парламенце Беларусі, 1995 год

– Што, на вашую думку, найбольш унікальнае і цікавае з апублікаваных ролікаў?

Усе аблічбаваныя і выкладзеныя ролікі зʼяўляюцца ўнікальнымі. Прынамсі, я не знайшоў ніводнага з іх, што быў бы апублікаваны ў сеціве раней. І гэта таксама было для мяне сурёзным матыватарам стварыць канал, распавесці пра гэтую своеасаблівую знаходку, пазнаёміць людзей з гэтымі відэастужкамі. На мой погляд, усе яны заслугоўваюць увагі.

Пасля таго, як я знайшоў гэтыя матэрыялы, я адклаў іх на некалькі дзён, каб мець дастатковы вольны час для вывучэння. Калі я пачаў праглядаць іх, то быў надта здзіўлены, таму што нават не здагадваўся і не разлічваў на такую ўнікальнасць і такі характар відэазапісаў.

Год з Лукашэнка, прэсавая канферэнцыя, 1995 год

– Якой была вашая мэта? Пабачыць нейкую рэакцыю або нагадаць пра падзеі недалёкага мінулага?

– Я стварыў архіў у зручным для прагляду выглядзе, на Youtube, і маёй мэтай было, каб людзі не губілі памяць і бачылі не толькі сённяшнія праблемы, але і памяталі пра падзеі, з якіх сфармавалася сучаснасць. Пра многія важныя моманты нам наўмысна не распавядаюць, стараюцца замаўчаць іх, адцягнуць ад усведамлення мінулага для няправільнага разумення сённяшняга. Гэта вялікая праблема і беларусам варта вывучаць сутнасць культурных, грамадскіх, палітычных ці эканамічных падзей, усю іх глыбіню з гістарычнага пункту гледжання.

Многіх людзей адольвае міф, што калі ім штосьці вядома, то гэта павінна быць відавочна для большай часткі людзей. На жаль, гэта не так. Сучасная моладзь не ведае, што непакоіла людзей 20 гадоў таму, не разумее гэтых праблем і не задумваецца пра іх. Так губляецца «грамадзянская памяць», што змушае ўсё грамадства хадзіць па коле.

– Вы лічыце, што гэтая згадка можа паўплываць на сучасную грамадскую думку?

– Вядома ж, гэта дасць пэўны шанец для пераасэнсавання сённяшніх падзей і выклікаў. У першую чаргу, я б хацеў, каб гэтыя ролікі пабачылі тыя, хто не мог быць відавочцам тых падзей, людзі да 30 гадоў. Тады не было такой ступені развіцця тэхналогіі і аб’ём назапашанай інфармацыі за той час невялікі. Ды і тое, што маецца, цяжка дзесьці знайсці ў агульным доступе. Таму ўбачыць і зразумець тыя падзеі фактычна не магчыма. Зразумела, што некаторыя дзяржавы, у тым ліку і наша дзяржава, гэтым карыстаецца, маніпулюе свядомасцю людзей праз сваю прапаганду, спекулюе на няведанні.

Дэманстрацыя 1 траўня, 1996 год

 – Ці глядзіце вы дзяржаўнае тэлебачанне? І ці глядзіце “Белсат”? Як вы ставіцеся да падачы інфармацыі з абодвух бакоў?

– Асвятленне пытанняў з розных бакоў, зразумела, неабходна. І БТ нават з усёй яго няўклюднасцю і смяхотнасцю таксама вельмі дарэчы ў гэтым сэнсе. Што датычыцца “Белсату”, то ў мяне асабістае жаданне бачыць больш цікавых перадач акрамя інфармацыйных выпускаў. Больш аўтарскіх ток-шоу, цыклаў перадач, іншых дыскусійных пляцовак, перакладаў, і гэтак далей.

–  А зараз працягваеце выкладаць відэа? Ці шмат яшчэ засталося з тых архіваў, ці будуць яшчэ іншыя?

– Так, планаваў выкладаць іншыя. У цэлым, асноўны матэрыял я ўжо выклаў, але ёсць яшчэ працы, даступныя ў тым ці іншым выглядзе, і пра іх мала хто ведае. Апублікаваць іх для агульнага азнаямлення і ёсць сэнс стварэння гэтага каналу.

– Распавядзіце трохі пра сябе. Звесткі, якія не выкрыюць вашую асобу, але нейкім чынам ахарактарызуюць. Колькі вам гадоў? Ці ходзіце вы на вулічныя акцыі?

– Я хутчэй прадстаўнік маладога пакалення. Цяпер знаходжуся ў Беларусі і рэгулярна хаджу на вулічныя акцыі. І хацеў бы бачыць там больш новых людзей і асоб. Ужо час зразумець нашаму грамадству, што гэта рэальны інструмент уплыву на ўладу, і якога не трэба баяцца, як бы гэта не аспрэчвалі. У жыцці хапае нашмат больш непрыемных рэчаў, чым прайсціся ў калоне адэкватных людзей пад сваім нацыянальным сцягам.

Зараз на канале больш за 250 відэаролікаў, самы папулярны з іх – “Справа Ганчара, дакументальны фільм” 1999 году. Агулам ролікі праглядзела больш за 80 тысячаў чалавек.

Напрыканцы гутаркі Неабыякавы чалавек дадаў, што хацеў бы папрасіць чытачоў і гледачоў быць больш актыўнымі ў грамадскай і асветніцкай дзейнасці.

«Было б вельмі добра, калі б людзі надавалі гэтаму хоць пару гадзін на месяц. Можна пагутарыць з суседам, або зрабіць рэпост на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы, або таксама стварыць нейкі цікавы і карысны інфармацыйны прадукт – ролік, артыкул, малюнак. Гэта не так складана, як можа здацца, але менавіта такімі невялікімі крокамі і будзе дасягнуты той вынік, на які арыентуецца той, хто ідзе».

Вераніка Чыгір, belsat.eu

Стужка навінаў