Кіраўнік МЗС Уладзімір Макей заявіў, што ў развіцці вонкаваэканамічнай дзейнасці па выніках 2017 года назіраюцца станоўчыя тэндэнцыі.
«Адбыўся рост экспарту на 23%. Прычым на дзве траціны гэта адбылося за кошт росту цэнаў, але на адну траціну – за кошт фізічнага росту экспарту. Таму ў цэлым гэта можна лічыць станоўчай тэндэнцыяй», – сказаў Макей на сустрэчы з Лукашэнка 18 студзеня.
«Дасканалы аналіз кажа пра тое, што не трэба самазаспакойвацца. Што датычыцца дыверсіфікацыі, тут зрухі таксама ёсць, але трэба яшчэ вельмі шмат працы», – адзначыў міністр.
Таксама, як паведамляе прэс-служба Лукашэнкі, на сустрэчы абмяркоўвалася тэма аптымізацыі МЗС.
«Вы хацелі абмеркаваць са мной пытанні аптымізацыі МЗС. Калі там ёсць нейкія нестыкоўкі, няўзгодненасці, я гатовы абмеркаваць, каб мы канчаткова маглі прыняць рашэнне», – адзначыў Лукашэнка.
Праўда, прэс-служба не ўдакладняе, якое рашэнне па аптымізацыі было ўрэшце прынятае.
ІІ, belsat.eu