18-гадовы хлопец, які ўзяў на сябе адказнасць за напад на Верхнядзвінскі РАУС, навучаўся ў ваенна-патрыятычным класе, амаль не меў кантактаў з іншымі вучнямі. Пра гэта паведамляе радыё «Свабода».
Г. летась скончыў школу ў Смаргоні. Бацькі разведзеныя. Мае старэйшага брата. Іхны бацька – прадпрымальнік, мае некалькі крамаў у горадзе.
У 2019 годзе хлопец скончыў школу, паступіў у Полацкі ўніверсітэт. Паводле класнай кіраўніцы, у яго не было сяброў. Падазраваны памяняў некалькі школаў. Апошнія два гады навучаўся ў ваенна-патрыятычным класе. Захапляўся гісторыяй, у 11-м класе заняў трэцяе месца на абласной алімпіядзе.
Знаёмыя кажуць, што ён быў агрэсіўны і часта пагражаў іншым, канфліктаваў і з аднакласнікамі, і з настаўнікамі. Сяброў у яго амаль не было.
«Адзіночка. Нейкая нервовасць у ім была, сум у вачах. Магчыма, нават нешта на ўзроўні псіхікі. Гэта было праблемнае дзіця», – кажа былая настаўніца.
У ноч на 1 студзеня ў Верхнядзвінску адбыўся напад на мясцовы РАУС. Быў затрыманы 18-гадовы хлопец, які кінуў бутэльку з запальнай сумессю на тэрыторыю аддзелу аховы. Пры спробе затрымання ён параніў нажом двух міліцыянтаў.
Перад нападам падазраваны выпусціў відэазварот і апублікаваў маніфест, дзе патлумачыў свае погляды ды дзеянні.
МГ belsat.eu