Навошта бабылю на шыю доўгую калоду вешаюць? На Любаншчыне развіталіся з зімою

photo

Фотакарэспандэнт belsat.eu трапіў на масленічныя гулянні ў Аграгарадку Рачэнь, што на Любаншчыне ды прыглядаўся да мясцовых традыцый. У тым ліку – з эратычным падтэкстам.

У аграгарадку Рачэнь, што на Любаншчыне сёлета зіму справаджвалі, а вясну сустракалі як заўсёды, паводле лакальных традыцыяў – напрыканцы Масленічнага тыдню і рабілі гэта весела і разнастайна.


Дзякуючы сумеснай ініцыятыве мясцовых працаўнікоў культуры і шматгадовай даследчай этнаграфічнай працы Сяргея Выскваркі цяпер жыхары вёсак Любанскага раёну штогод могуць убачыць ды ўдзел у цэлым калейдаскопе назбіраных і часткова рэканструяваных лакальных веснавых абрадах.

Каб адсвяткаваць Масленіцу і гэтым разам да рачэнскага дому культуры з’ехалася не толькі шмат дарослых, але і дзяцей ды моладзі, а таксама сапраўдныя носьбіты традыцыйнай культуры з навакольных вёсак.

Пудзіла, на якое на Масленіцу мясцовыя жыхары звычайна прывязваюць стужачкі, насілі па вёсцы, каб потым спаліць іх сімвалічна разам з пудзілам і ўсімі сваймі мінулагоднімі грахамі і нягодамі.

Стужкі на Любаншчыне на Масленіцу прывязваюць і на сухія галінкі, якія таксама потым спальваюць разам з пудзілам.

Не абышлося і без абраду развітання з лучнікам, які прывязваюць да бярозы і апошні раз пасля зімы (да карыстання электрычным святлом, лучнік ці комін заўсёды асвячаў сялянскія хаты ўзімку) запальваюць у ім салому ўшаноўваючы гэткім чынам продкаў.


Потым жанчыны спаборнічалі за тое, хто вышэй закіне ільняную кудзель на бярозу. Лічылася, што той хто закіне вышэй, у таго ў сям’і лён найлепш уродзіць.

Вогнішча на Масленку рабілі як мага большым, каб агонь растапіў зямлю, тое ж самае рабілася і з абрадавым дрэвам – бярозай, вакол якой клалі колам і запальвалі салому, каб яе яшчэ і хутчэй напоўніў вясенні сок.

Старэйшыя жанчыны таксама пакідалі на бярозе кавалачкі сыру ці тварагу, каб вясеннія птушкі хутчэй вярнуліся з выраю на дрэвы і прынеслі вясну і новае жыццё.

Адным з даволі смешных і цікавых масленічных абрадаў звязаных з жаніцьбаю і плоднасцю, было цяганне на сабе нежанатым хлопцам калодкі, што нагадвала фалас. Калі дзеўкі ці жанчыны сустракалі на вуліцы бабыля, ці праходзілі ля ягонай хаты, яны вешалі ўпрыгожаную калодку хлопцу ці мужыку на шыю, ці прывязвалі да нагі. Каб не цягаць калодку, хлопец павінен быў ад яе адкупіцца.


Напрыканцы абрадавай часткі свята маладая пара абсыпала ўсіх зернем, каб гэты год у ўсіх удзельнікаў свята быў урадлівым, заможным і шчаслівым.

Скончылася ж Масленка вясёлымі вясеннімі карагодамі, танцамі, спевамі і разнастайнымі традыцыйнымі масленічнымі спаборніцтвамі, такімі як хуткаснае паяданне бліноў і баі падушкамі.


Глядзіце ўсе фота:

Вячаслаў Радзіміч, фота аўтара, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары