Навошта бабы з Берасцейшчыны ў жыце валяюцца?


Нашыя продкі вельмі добра ведалі асаблівасці лакальнага земляробчага календару, таму звычайна жыта, ячмень ды пшаніцу ў Беларускіх вёсках пачыналі зажынаць 21 (часамі 22-га) ліпеня ў дзень «Пракопа Жатвеніка» (Пракопа Жняца). Калі дні рабіліся сухімі, а ночы ўжо не такімі цёплымі, як раней. Паводле іншых версіяў, зажынкі святкавалі 29-га ліпеня ў дзень святога мучаніка Афінагена.

Традыцыя зажынак жыве ў Беларусі да сённяшняга дня. У гэтым годзе некаторыя калгасы пачалі жатву ўжо 13 ліпеня, але мокрае надвор’е змянілася на цёплае і сухое толькі пасля дню «Пракопа Жняца». Асабліва гэтаму былі радыя жанчыны з калектыву «Світанака» пад кіраўніцтвам Алены Яскевіч з вёскі Дзятлавічы і навакольных вёсак Лунінецкага раёну, якія дзякуючы сонейку змаглі правесці абрад зажынак не на сучасны папулярны калгасны манер з камбайнамі, танцамі ды п’янкамі, а згодна з традыцыямі продкаў.

Zazhynki_17

У Дзятлавічах жанчыны заўсёды перад пачаткам жніва, абвязваліся рушнікамі-абярэгамі, якімі таксама было зручна выціраць твар ад поту, або перавяслам, аберагаючым ад парэзаў сярпом.

Паклаўшы хлеб на зямлю і прагаварыўшы жатвеную малітву з падзякаю Богу ды Маці-Зямлі, самая паважаная жанчына, на ролю якой абралі Алену Дзянісаўну Яскевіч, зажала першую жменю, а астатнія жнейкі дапамаглі ёй зрабіць ды ўпрыгожыць палявымі лекавымі кветкамі першы снапок. Паводле старажытнай традыцыі, яго перавязалі поясам-абярэгам, які сімвалізуе адвечнасць жыцця, урадлівасць зямлі і чалавека.

Zazhynki_23

Zazhynki_30

Скончыўся абрад зажынак і жніва, як належыць – усе ляглі ў жыта, якое нашыя продкі лічылі карысным для здароўя, а таксама вячэрай з традыцыйнай ежай у полі.

Фота Вячаслава Радзіміча для belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары