Амбасадар Беларусі ў Эстоніі Анатоль Сцепусь распавёў, што паміж Менскам і Таллінам мусяць запусціць наўпроставы авіярэйс, палёт будзе выконваць эстонская авіякампанія.
Сцепусь заявіў журналістам, што на парадку дня запланаванага на 14 чэрвеня візіту ў Менску міністра замежных справаў Эстоніі Свена Міксера будзе пытанне наладжвання прамых авіязносінаў паміж беларускай і эстонскай сталіцамі.
Дыпламат расказаў, што, у прыватнасці, чакаецца падпісанне адпаведнага дакументу паміж беларускім дэпартаментам па авіяцыі і эстонскімі калегамі, на аснове якога і будуць весціся далейшыя перамовы па наладжванні прамых авіязносінаў. Як чакаецца, авіярэйс па маршруце Таллін-Менск-Таллін будзе ажыццяўляць эстонская авіякампанія.
Нагадаем, на дадзены момант з Менску ў Таллін няма наўпроставых ні чыгуначных, ні авіярэйсаў.
ІІ, belsat.eu, паводле БелТА