НАТО: Расея, магчыма, рыхтуе наступ на Данбасе


Камандуючы сухапутнымі сіламі НАТО ў Еўропе генерал Філіп Брыдлаў заявіў, што Расея выкарыстоўвае «рэжым цішыні» на ўсходзе Украіны для перагрупоўкі войскаў і магчымага наступу.

Па словах генерала, Пентагон заспелі знянацку апошнія расейскія перамяшчэння ва Украіне, заўважае Бі-Бі-Сі.

Выступаючы перад камітэтам па ўзброеных сілах сенату ЗША, генерал Брыдлаў сказаў, што амерыканскія спецслужбы павінны мець больш магчымасцяў сачыць за дзеяннямі Расеі ў рэгіёне.

Сітуацыя на Украіне застаецца далікатнай і нестабільнай, дадаў ён.

Брыдлаў неаднаразова заяўляў, што ў Данецкай і Луганскай вобласцях прысутнічае вялікая колькасць расейскіх вайскоўцаў, якія навучаюць і кансультуюць сілы сепаратыстаў.

Расея кожны раз абвяргае сцвярджэнні заходніх краін і міжнародных экспертаў аб яе непасрэдным удзеле ў канфлікце на Украіне.

«Мы не можам дакладна прадказаць, што Расея збіраецца рабіць далей, і мы не разумеем да канца, якія намеры Пуціна. Мы можам рабіць высновы на падставе яго папярэдніх учынкаў», – адзначыў Брыдлаў.

Па словах генерала, шмат якія дзеянні расейскіх сіл паказваюць на магчымую падрыхтоўку да новага наступу.

Амерыканскія афіцыйныя прадстаўнікі атрымалі інфармацыю выведкі па рэгіёне, згодна з якой, у апошнія месяцы Расея надзвычай узмацніла кіраванне і кантроль над баевікамі на ўсходзе Украіны.

У разведвальных арганізацыях ЗША сцвярджаюць, што з’яўляецца ўсё больш і больш звестак пра тое, што расейскія вайскоўцы і сепаратысты працуюць разам, трэнуюцца разам і праводзяць аперацыі пад кантролем адзінай каманднай структуры, якая ў канчатковым выніку падпарадкоўваецца загадам з Расеі.

Так, у заяве прадстаўніка дзярждэпартаменту Марыі Харф, распаўсюджаным на мінулым тыдні, гаварылася аб сістэмах СПА, размешчаных паблізу расейска-ўкраінскай мяжы, павелічэнні вайсковай групоўкі непадалёк ад Харкава – другога па велічыні ўкраінскага гораду, а таксама ўзмацненні трэнавальных сесій з удзелам расейскіх беспілотнікаў. Харф назвала наяўнасць дронаў беспамылковай прыкметай расейскай прысутнасці.

У выніку ЗША памалу ўводзяць у афіцыйны зварот новы тэрмін – «сумесныя расейска-сепаратысцкія сілы».

МЯ, паводле bbc.co.uk

Глядзі таксама
Каментары