НАТА Маскве: будзем бараніць Прыбалтыку


Вайсковыя пілоты НАТА адпрацавалі ў небе над Літвою супольнае патруляванне прасторы і перахоп самалётаў. «Асноўнаю прычынаю для такіх вучэнняў сталася павышаная актыўнасць расейскай баявой авіяцыі ў рэгіёне», – заявіў камандуючы авіябазаю ў Шаўляі падпалкоўнік Відмантас Раклевічус.

Трэніровачныя палёты зладзілі ў межах паветранай паліцэйскай місіі НАТА – калектыўнага абарончага праекту, разлічанага на 10 гадоў. Гэтак цяпер паветраную прастору Прыбалтыкі абараняюць канадскія CF-188 Hornets ды партугальскія G-16 Fighting Falcons.

У Прыбалтыйскіх краінах адзначаюць рэзкае павышэнне актыўнасці расейскай вайсковай авіяцыі ў рэгіёне. «Гэта самалёты розных тыпаў: транспартнікі, знішчальнікі, бамбавальнікі, стратэгічныя бамбавальнікі, – гаворыць Раклевічус. – Вайсковая авіяцыя Расеі з’яўляецца ў міжнароднай паветранай прасторы не падаючы плану палёту, не кансультуючыся з кіраваннем паветранага руху і не адказваючы на запыты дыспетчараў».

Камандзір партугальскага падраздзялення паліцэйскай місіі падпалкоўнік Люіс Мораіш падкрэслівае, што дзеянні расейскай авіяцыі нясуць небяспеку для цывільных самалётаў: „Яны павінны падпарадкоўвацца міжнародным правілам і на самой справе варта нармальна размаўляць з цывільнымі службамі. Трэба ўзгадняць маршруты і план палёту, каб дыспетчары былі ў курсе і маглі развесці ў паветры вайсковыя і цывільныя самалёты так, каб гэта было бяспечна”.

Адказ НАТО

Акрамя актывізацыі паветранай паліцэйскай місіі, НАТО разгортвае дадатковыя сілы, у тым ліку амерыканскі кантынгент і танкі, ва ўсіх трох Прыбалтыйскіх краінах і Польшчы. Мэта гэтага сігналу – даць зразумець Маскве, што ў адрозненні ад Украіны, што не ўваходзіць у НАТО, любое расейскае ўварванне ў Літву, Латвію ці Эстонію аўтаматычна азначае вайну з Альянсам. Усе тры краіны былі часткаю СССР і заходнія аналітыкі мяркуюць, што Масква хацела б аднавіць там свой уплыў.

Сутыкнуўшыся з самым глыбокім крызісам на лініі Захад-Усход з часоў халоднай вайны, НАТА абвесціла на саміце ў Уэльсе, што будзе і далей праводзіць інтэнсіўныя вучэнні ва Усходняй Еўропе. Аднак аналітыкі сцвярджаюць, што адкрыты ўзброены канфлікт паміж НАТО і Расеяй – малаверагодны. Калі Масква вырашыцца на актыўныя дзеянні, то, хутчэй за ўсё, выкарыстае расейскую меншаць у гэтых краінах.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў