Можна, я не буду нічога пісаць пра апазіцыю? Не, мне ёсць што сказаць. Проста з меркаванняў гуманнасці і не жадаючы дэманстраваць лішні раз валоданне нецэнзурным лексіконам. Можна? Дзякуй.
Цяпер па сутнасці.
На гэты раз улада не пісала для сябе ніякіх сцэнарыяў. Яна наагул нічога не рабіла. Лукашэнка – гэта такая састарэлая Джулія Ламберт, якая ўмее трымаць паўзу. Вось і на гэты раз – ён здолеў вытрымаць паўзу, калі ўсе вакол вызначыліся, уключаючы Бога, І ўпісаў сваю перадвыбарчую тактыку ў тыя ўмовы, якія склаліся да моманту абвяшчэння выбараў.
У апазіцыі няма кандыдата? Выдатна. Прызначым, як і пяць гадоў таму. Не збярэ подпісы? Ну, не збярэ. Бывае. Не ў першы раз. Лідзія Міхайлаўна ведае, што рабіць. А можа, і зусім нічога рабіць не спатрэбіцца. Выбары ўсё роўна будуць на альтэрнатыўнай аснове.
Брацкія абдымкі з Расеяй растуленыя? Выдатна. У нас з’явіўся магутны апанент (не вораг – барані божа, бо яшчэ можа спатрэбіцца), змагаючыся з якім мы і пераможам. Тут, дарэчы, і расейскі тэлеканал пад руку падгарнуўся: не трэба будзе рабіць дадатковых намаганняў, каб мабілізаваць ашалелы ад пандэміі антырасейскі электарат.
Каронавірус утрымае частку выбарнікаў дома? Проста выдатна. Ёсць вопыт датэрміновага галасавання, які назапашваўся гадамі. Гэта значыць, бюджэтнікі, якія працуюць, прыйдуць і прагаласуюць датэрмінова. Астатніх – Лідзія Міхайлаўна ўжо загадзя сказала аб асаблівых умовах – «прагаласуем» па месцы дачных акопаў. Заадно ёсць падстава і выдатная магчымасць абмежаваць прысутнасць на ўчастках для галасавання непажаданых назіральнікаў, журналістаў і ўсякай міжнароднай, прабачце, шушары.
Пачалася кампанія байкоту? Не смяшыце, што называецца, мае выбаркамы. Механізм гульні на паніжэнне яўкі адладжаны ўжо даўно. А да 9 жніўня вялікія гарады будуць пустыя, акцыяў пратэсту не прадбачыцца.
І самае галоўнае: хто скажа, што ўсё гэта падстроіла беларуская ўлада? Ніхто. Нават у Вусава са Шрайбманам языкі не павернуцца. Усё выйшла само сабой, але, як гаворыцца, да лепшага.
– Лідзія Міхайлаўна, вы гатовыя?
– Я гатовая, – кажа службовая асоба глыбокім грудным голасам, пасля чаго выдаляецца добрасумленна выконваць ускладзеныя на яе далікатныя жаночыя плечы цяжкія функцыянальныя абавязкі.
Усе астатнія вольныя да 9 жніўня.
Аляксандр Фядута/ІР belsat.eu
Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.