Таццяна Караткевіч распачала агітацыйную кампанію і прапанавала абраць новага кіраўніка гораду.
ТАЦЦЯНА КАРАТКЕВІЧ, КАНДЫДАТКА НА ПРЭЗІДЭНЦТВА:
«Я лічу, што выбары мэраў нададуць нам больш павагу ад улады па любым пытанні. Гэта надасць развіццё прыватнай ініцыятыве, развіццё грамадзянскай ініцыятыве, таксама дапаможа стварыць новыя працоўныя месцы, вывесці горад з крызісу».
Змагацца з уладнай вертыкаллю Караткевіч прапануе і ў іншых гарадах – паводле кандыдаткі, традыцыі абірання мясцовай улады ў Беларусі ёсць. З ёй пагаджаюцца мінакі.
ІГАР, УДЗЕЛЬНІК АКЦЫІ:
«Я футбольны заўзятар і мне вельмі не падабаецца, што ў нас у Менску няма футбольнага стадыёна. Магчыма, калі б мэр гораду быў выбраны з народу, а не прызначаўся зверху, то гэтым пытаннем ён бы больш займаўся».
ВІКТОРЫЯ ІГНАТЧЫК, УДЗЕЛЬНІЦА АКЦЫІ:
«Калі прызначаецца чалавек, то ў яго няма такой зацікаўленасці. Адседжвае свае гадзіны».
Таццяна Караткевіч плануе наведаць паўсотню гарадоў, дзе будзе казаць пра рэформы эканомікі, адукацыі, аховы здароўя і дзяржкіравання. А таксама пра сваё бачанне новай Беларусі.
ТАЦЦЯНА КАРАТКЕВІЧ, КАНДЫДАТКА НА ПРЭЗІДЭНЦТВА:
«Нам патрэбная мірная краіна, каб сем’і не баяліся нараджаць дзяцей, не баяліся за сваіх сыноў, якіх могуць адправіць ваяваць у гарачыя кропкі. Гэта самае галоўнае, чаго ў нас зараз няма і мы пад пагрозай».
Са сваёй праграмай мірных пераменаў Караткевіч спадзяецца прынамсі на 20 адсоткаў галасоў выбарнікаў, а можа і на другі тур.
ВІКТОРЫЯ ІГНАТЧЫК, УДЗЕЛЬНІЦА АКЦЫІ:
«Я буду галасаваць за яе, таму што мне хочацца бачыць новыя твары ў нашай краіне, у палітыцы. Мяркую, што жанчына зможа навесці парадак у нашай краіне».
ІГАР, УДЗЕЛЬНІК АКЦЫІ:
«На гэтым этапе такі паўкандыдат, паўапазіцыя, паўулада – незразумела як, сістэмная апазіцыя, магчыма патрэбен, але я галасаваць не буду».
Карыстацца з усіх магчымасцяў выбарчай кампаніі Караткевіч засталося крыху менш за месяц. Першая жанчына-кандыдатка на прэзідэнцтва паабяцала, што кожны яе пікет будзе адрознівацца нечым адметным.
Ганна Любакова, «Белсат»