Надзея Саўчанка: дыктатура не можа быць нейтральнай. Эксклюзіўнае інтэрв’ю


Дэпутатка Вярхоўнай Рады распавяла «Белсату», чаго чакае ад саміту НАТО, што збіраецца рабіць для беларускіх добраахвотнікаў ды чаму Менск вычарпаў сябе як перамоўная пляцоўка.

Ганна Любакова: Вітаю вас на волі.

Надзея Саўчанка: Дзякуй.

Вы прыехалі ў Польшчу на саміт НАТО ў складзе ўкраінскай дэлегацыі. Чаго вашая краіна чакае ад яго?

Украіна чакае ад саміту НАТО ўзаемадзеяння ў працы, скіраванай на падтрыманне міру ў цывілізаваным грамадстве ў 21 стагоддзі, ды паўстрыманні агрэсара, які напаў на Украіну. Вось у такім кантэксце мы будзем працаваць, і спадзяемся на разуменне і падтрыманне.

Што вайсковы звяз можа або павінен зрабіць у сувязі з вайной на Данбасе?

Канешне, перш за ўсё – усвядоміць усю сур’ёзнасць праблемы: гэта немагчыма будзе зрабіць без міжнароднай супольнасці. Сітуацыю трэба даводзіць да лагічнага завяршэння і міру, да вяртання тэрытарыяльнай цэласнасці і дзяржаўнай мяжы Украіны. Мяркую, для гэтага існуюць палітычныя, эканамічныя, а таксама вайсковыя механізмы – калі будзе трэба, іх можна падключаць.

Вы заявілі нядаўна, што плануеце перамовы з сепаратыстамі. Пра што вы збіраецеся дамаўляцца?

Я ад сваіх словаў не адмаўляюся. Я казала, што я – чалавек, і я гатовая размаўляць з іншымі людзьмі – украінцамі, якія аказаліся па той бок штучнай мяжы, якую паставіла Расейская Федэрацыя. Я лічу, што нашыя перамовы павінныя весці толькі да міру і да разумення нашай агульнай палітычнай будучыні, той будучыні, пра якую гаварыў Майдан, а не палітыкі.

Я размаўляла з людзьмі на Усходзе – яны ў прынцыпе за тыя ж самыя каштоўнасці.

Нас пасварылі штучна. У нас ёсць перспектыва будучыні, ёсць разуменне адзінай будучыні для Украіны.

На Данбасе па ўкраінскім баку ваюе шмат беларусаў, якія не могуць вярнуцца дамоў. Украіна да сёння не прыняла закон, які б дазваляў надаць гэтым людзям грамадзянства паводле спрошчанай працэдуры. Ці будзеце вы змагацца за гэты закон?

Гэта вялікі недагляд. Я толькі нядаўна стала парламентарыем, і я бачу, што ў нас вельмі доўга выконваецца праца, якая павінная выконвацца. Мы не навучыліся ставіць прыярытэты.

Я буду настойваць, каб Вярхоўная Рада мела менш канікулаў, ды працягнула працу хаця б на тыдзень або два, каб вырашыць усе пытанні і прыняць усе законы, звязаныя з АТА. І я буду настойваць, каб у законе была прапісаная спрошчаная сістэма надавання грамадзянства. Спадзяюся, мае калегі мяне падтрымаюць у гэтым.

Лукашэнка прапанаваў Менск як пляцоўку для перамоваў, і пастаянна падкрэслівае сваю нейтральнасць. Ці вы яму верыце?

На жаль, дыктатура не можа быць нейтральнай. Так ужо склалася гістарычна, што Беларусь моцна прывязаная да Расеі. І там, і там – дыктатар. Яны, канешне, могуць дамовіцца паміж сабой, але ці будзе гэта нейтральна – наўрад ці. Добра, што менская пляцоўка паўстала: яна дала магчымасць спыніць агонь і разліванне вялікай крыві. Але яна сябе вычарпала, на жаль, – цяпер трэба шукаць іншыя, больш эфектыўныя метады.

Размаўляла Ганна Любакова

Глядзі таксама
Каментары