Надзея Саўчанка: год у расейскім палоне


Мадэльер-журналіст-афіцэр

Надзея Саўчанка нарадзілася 11 мая 1981. Яна родам з Траешчыны – спальнага раёну на левым беразе Кіева. Дачка інжынера-механіка і швачкі, яна з дзяцінства марыла стаць лётчыкам баявых самалётаў.

Пасля школы Надзея тройчы спрабавала паступіць у Харкаўскі ўніверсітэт Паветраных сіл. Але пасля чарговай адмовы (туды не бралі дзяўчат) мама ўгаварыла Надзею пайсці на мадэльера.

Атрымаўшы дыплом, але расчараваўшыся ў спецыяльнасці, Надзя паступіла на журфак Кіеўскага ўніверсітэту «Украіна». Праўда, там яна правучылася ўсяго год. 1 кастрычніка 2003 года Надзея паступіла ва Узброеныя сілы Украіны. Служыла спачатку тэлефаністкай у Кіеве, затым – аператарам процітанкавых кіраваных ракет у Жытомірскай брыгадзе ВДВ.

З верасня 2004 года ў складзе ўкраінскага кантынгенту прымала ўдзел у міратворчай місіі ў Іраку. У сакавіку 2005-га вярнулася ва Украіну.

«Непрыдатная да палётаў»

Насуперак шырока распаўсюджанай легендзе, Надзея не лётчыца. Яна ўступіла ў Харкаўскі ўніверсітэт паветраных сіл, на што прыйшлося атрымаць асабісты дазвол тагачаснага міністра абароны Украіны Анатоля Грыцэнкі.

Двойчы яе скрэслівалі з універсітэту з фармулёўкай «непрыдатная да вылетаў як лётчык», яна двойчы аднаўлялася. У 2009 годзе Саўчанка скончыла ўніверсітэт, але не як лётчык-знішчальнік, а як штурман.

Майдан Надзеі

Калі ў Кіеве пачаліся масавыя акцыі пратэсту супраць рэжыму Януковіча, Надзея адразу вярнулася ў сталіцу і стала актыўна ўдзельнічаць у Рэвалюцыі Годнасці. З тых часоў захавалася відэа ад 19 студзеня 2014 года.

Гэта было на Вадохрышча, самы пачатак жорсткіх беспарадкаў і сутыкненняў мітынгоўцаў з «беркутаўцамі». Надзея ўсімі сіламі спрабавала стаць паміж мітынгоўцамі і сілавікамі. Яна крычала і не давала кідаць камяні ў міліцыянтаў, аргументуючы гэта тым, што «хлопцы проста выконваюць загад».

Як толькі на ўсходзе Украіны пачалася вайна, Надзея адразу адправілася на Данбас у якасці добраахвотніка батальёна «Айдар». Пры гэтым дзяўчына заставалася дзеючым афіцэрам Узброеных сіл Украіны, і брала ўдзел у АТО падчас двух адпачынкаў. Адначасова яна напісала рапарт аб звальненні з УСУ.

Надзея ўдзельнічала ў баях ля пасёлку Металіст пад Луганскам, дзе трапіла ў палон да баевікоў «ЛНР».

За два тыдні да палону Саўчанка дала інтэрвю, у якім распавяла, чаму вырашыла сысці з шэрагаў Узброеных сіл Украіны і пра сваё стаўленне да вайны на ўсходзе краіны.

Хлусня Расеі

У Расеі Саўчанка абвінавачваюць у тым, што яна прымала непасрэдны ўдзел у мінамётным абстрэле, падчас якога загінулі расейскія журналісты.

Афіцыйная версія Расеі: Саўчанка незаконна перасекла мяжу пад выглядам уцякачкі. Адвакат Мікалай Палозаў у сваю чаргу сцвярджае, што тэрарысты затрымалі яе за паўтары гадзіны да мінамётнага абстрэлу, і яна не магла абстраляць журналістаў. У абароны ёсць экспертыза, якая зафіксавала перасоўванне мабільнага тэлефона Саўчанкі 17 чэрвеня. Паводле гэтых дадзеных, у момант абстрэлу ён знаходзіўся ў абласным ваенкамаце ў цэнтры Луганску, дзе знаходзіцца штаб баевікоў.

Адвакаты сцвярджаюць, што тэрарысты самастойна перавезлі Саўчанку ў Расею і перадалі супрацоўнікам ФСБ.

Галаданне

16 верасня 2014 года расейская прапаганда пачала раскручваць чарговую хлусню – гэтым разам лётчыца «асабіста ўдзельнічала ў катаваннях палонных і хацела іх здаць на органы».

1 снежня 2014 года Надзея Саўчанка абвясціла аб бестэрміновай галадоўцы. Без ежы Саўчанка пратрымалася беспрэцэдэнтна доўга ў гісторыі медыцыны: 83 дня або амаль тры месяцы.

За час галадоўкі яна схуднела больш чым на 20 кілаграмаў. Аднаўляць галадоўку ўкраінскія лекары Надзеі забаранілі. Кажуць, двойчы цуд не здараецца.

Цяпер Надзея адчувае сябе лепш. Яна спыніла галадоўку, патроху набірае вагу, хоць і мае праблемы з унутранымі органамі.

Дэпутат Рады і ПАСЕ

У студзені 2015 Саўчанка стала членам украінскай дэлегацыі ў Парламенцкай асамблеі Савету Еўропы. ПАСЕ праз рэзалюцыю заклікала ўлады Расеі як члена арганізацыі вызваліць Саўчанку.

У адпаведнасці з міжнароднымі дамовамі (якія прыняла і Расея), Саўчанка павінна быць вызвалена. Аднак, кіраўнік дэлегацыі Расеі ў ПАСЕ Аляксей Пушкоў заявіў, што гэтыя патрабаванні могуць мець сэнс толькі калі «расейская дэлегацыя застанецца ў складзе ПАСЕ». Як вядома, раней у Расеі забралі права голасу.

10 чэрвеня 2015 Маскоўскі гарадскі суд у чарговы раз падоўжыў тэрмін утрымання Саўчанкі пад вартай да 30 верасня гэтага года.

Адвакат Марк Фейгін упэўнены, што нягледзячы на ​​адсутнасць суду ў Расеі, Надзея не сядзе ў турму.

Ён лічыць, што ступень ціску на Крэмль настолькі высокая, што трымаць Саўчанку 8 альбо 10 гадоў – гэта мець бясконцыя праблемы ўвесь гэты час.

«Суд над Саўчанка будзе гучным і гістарычным. Усе пераканаюцца ў невінаватасці Надзеі і ў праўдзе Украіны», – адвакат лётчыцы.

ДР, belsat.eu паводле espreso.tv

Стужка навінаў