Над намі здзекуюцца: працаўніца «Белмаркету» пра канфлікт з кіраўніцтвам

video

Дзясяткі судовых паседжанняў за зачыненымі дзвярыма, дзясяткі людзей, якім не працягнулі ці прыгразілі не працягнуць працоўных кантактаў. Гэтак у скароце выглядае справа «Белмаркету». У шэрагу працаўнікоў гэтай сеткі грошы з заробку «спісалі» у лік вялізных нястачаў, выяўленых падчас інвентарызацыяў.

Аб’ява аб свежых вакансіях на дзвярах крамаў «Белмаркет» з’явілася не выпадкова. Шэрагу яшчэ нядаўніх працаўнікоў розных аддзяленняў кантрактаў не прадоўжылі.

«На гэты момант людзям не падаўжаюць кантрактаў. Людзей можна сказаць звальняюць», – кажа працаўніца «Белмаркету» № 136 в. Сеніца Людміла Віннічак.

Гэтак паступілі з тымі, хто падаў пазоў на «Белмаркет» у суд, а такіх толькі ў 136-ым аддзяленні крамы ў аграгарадку Сеніца – 60 чалавек. Лавіна пазоваў абрушылася на суды пасля леташніх інвентарызацыяў, у выніку якіх у крамах выявіліся вялізныя нястачы: у некаторых аддзяленнях – больш чым на 100 тысяч рублёў. Грошы кіраўніцтва спісала з працаўнікоў.

«Мы былі нязгодныя, таксама пісалі лісты, таксама правадзілася сустрэча: нам казалі: гэта вы вінаватыя, вы скралі, значыць, натуральна, плаціць вам – ніхто вам не дапаможа», – распавядае былая працаўніца «Белмаркету» № 137 у Заслаў’і.

Шмат хто з тых, хто падаў пазовы, працаваў у «Белмаркеце» не першы год. Жанчыны падкрэсліваюць, што дагэтуль яны праводзілі не адну інвентарызацыю, і сумы супадалі. Працаўніцы ўпэўненыя, што знянацку і ў буйных памерах красці адначасова ў розных аддзяленнях ніхто не пачаў.

«Мы лічым, што не вінаваныя. І што ўсе-такі гэта праблема была ці з дэнамінацыяй, ці тэхнічная, ці спісалі – была нейкая праблема, але яе ніхто не шукаў», – мяркуе Людміла Віннічак.

«У нас есць ахова, што правярае нас дасканальна, сумкі ў нас правярае. Мы запісваемся калі прыходзім у краму і сыходзім з яе. У нас вельмі шмат камераў – такую колькасць тавару мы не маглі вынесці, бо гэта вялікая сума», – распавядае працаўніца «Белмаркету» № 143, што ў вёсцы Бараўляны.

Сума спісаных з заробкаў грошай у некаторых выпадках – нават 860 рублёў, а гэта два аклады працаўніка крамы. Пасля позваў у суд кіраўніцтва сеткі ўжыло новыя захады.

«З-за таго што мы звярнуліся ў суд, нас пачынаюць у краме ўгнятаць. Нам не даюць прэміі – над намі здзекуюцца. З 1 траўня ва ўсіх прадаўцоў і касіраў былі павышаныя аклады ўсіх прадаўцоў і касіраў. Нам іх не павысілі – тым хто звярнуўся ў суд», – кажа Святлаа Сінкевіч з бараўлянскай крамы.

Старшыня прафсаюзнага камітэту «Белмаркет-компані», ды адначасова намеснік дырэктара ў сувязях з грамадскасцю, на камеру даваць каментар адмовіўся. Аднак у тэлефоннай размове паведаміў, што нічога пра пагрозы на адрас працаўнікоў не ведае. Ды падкрэсліў, што працаўнікоў крамаў лавілі на крадзяжах.

«Кантракты ў нас заключаныя, там прапісаныя ўсе ўмовы. У нас вельмі шмат фактаў выяўлення крадзяжоў пры крамах – і гэта факт, яго трэба разумець», – тлумачыць намеснік дырэктара ў сувязях з грамадскасцю Віталь Рунцо.

Судовыя паседжанні пачаліся яшчэ летась ды праходзяць у закрытым рэжыме. Нават іх колькасць у кампаніі называюць камерцыйнай таямніцай. Але вядома, што некалькі судоў скончыліся на карысць працаўнікоў – ім вернуць грошы. Іншыя чакаюць правядзення прызначанай судом эканамічнай экспертызы. Працаўнікі перакананыя: адміністрацыя «Белмаркету» не чакала, што працаўнікі розных аддзяленняў пазнаёмяцца і дадуць адпор.

«Мы заклікаем каб усе аб’ядналіся, бо калі мы будзем па аднаму, то нас усіх выкінуць і ўсё», – заклікае працаўніца «Белмаркету» Наталля Дзідзюля.

Старшыня ж беларускага прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч дадае, што працаўнікі гандлёвай сферы часта не ведаюць сваіх правоў.

«Больш за ўсе гэта датычыць «Віталюра», «Еўраопту» і «Белмаркету». Скажу шчыра, мы вельмі цешымся калі людзі хочуць стварыць прафсаюз, але ж гэта мае быць незалежны прафсаюз – тады можна змагацца. А 10 чалавек з аднаго прадпрыемства наўрад ці будуць атрымліваць дапамогу», – распавядае старшыня прафсаюзу РЭП.

Пакуль жа працаўнікі чакаюць не толькі аднаўлення сваіх правоў, але і выбачэнняў ад кіраўніцтва, якое прынесла ім шкоду і фінансавую, і маральную.

МВ, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары