«Начныя ваўкі» з Берасце пачалі свой новы мотапрабег у акупаваны Крым


Менавіта на мяжы Беларусі і Польшчы няўдала завяршыўся мінулы прабег «Начных ваўкоў». Байкеры Пуціна хацелі трапіць у Берлін, праехаўшы па дарогах Еўропы, наведаць Вроцлаў, Брно, Браціславу, Вену, Прагу, Мюнхен і іншыя еўрапейскія гарады, але на тэрыторыю Еўразвязу расейскіх байкераў не пусцілі польскія памежнікі.

Нягледзячы на ​​тое, што ва ўсім свеце байкеры маюць рэпутацыю хуліганаў, далёкіх ад палітыкі і грамадскага жыцця, у Расеі склалася абсалютна супрацьлеглая сітуацыя. Галоўны байкер «Хірург» – кавалер ордэна Пашаны, уваходзіць у раду дырэктараў прапагандысцкага тэлеканала «Зорка» і актыўна ўдзельнічае ў антыўкраінскую руху. «Начныя ваўкі» аднымі з першых падтрымалі планы расейскага прэзідэнта па захопу частцы Украіны. Падчас незаконнай анексіі Крыму «Начныя ваўкі» зладзілі дзяжурства ля будынку Севастопальскай адміністрацыі, ахоўваючы яго ад магчымага штурму праўкраінскі актывістамі. Па словах Залдастанава, першую барыкаду і блокпост у Луганску пабудавалі ўкраінскія «ваўкі». У Расеі «Начныя ваўкі» сталі арганізатарамі «Антымайдану».

Зразумела, што з такой рэпутацыяй «Начным ваўкам» не вельмі і рады ў Еўропе, чаго не скажаш пра Беларусь, тут іх сустракаюць ледзь не на вышэйшым узроўні, нягледзячы на ​​тое, што цяпер яны едуць у акупаваны Расеяй Крым. Мотапрабег «Дарогі перамогі. На Севастопаль» стартаваў 11 жніўня ад сцен Берасцейскай крэпасці, таксама старт адбыўся яшчэ з чатырох гарадоў: Санкт-Пецярбурга, Казані, Масквы і Алма-Аты ён пройдзе па ўсёй Расеі і скончыцца ў Севастопалі, дзе 21 жніўня адбудзецца ХХ юбілейнае Міжнароднае Байк-Шоу «Севастопаль. Кузня Перамогі». З Берасця старт узялі два дзясятка матацыклаў у складзе некалькіх прадстаўнікоў Германіі, Аўстрыі, Галандыі (першыя тры краіны прадстаўляюць па адным чалавекам), Сербія, Славакія і Расея. Ужо сёння яны плануюць пакінуць тэрыторыю нашай краіны.

Чаму ж «Начныя ваўкі» так часта прыязджаюць у Беларусь, на гэтае пытанне адказаў прэзідэнт аддзялення «Дарогі Перамогі» мотаклубу «Начныя Ваўкі» Андрэй Баброўскі на прэс – канферэнцыі ў консульстве Расеі ў Берасці 10 жніўня: «Беларусь з’яўляецца транзітнай дзяржавай, каб нам патрапіць у Еўропу. Я да прыкладу, не дзялю Беларусь і Расею, для мяне гэта непадзельныя паняцці, у нас вялікае агульнае мінулае, якое мы не павінны забываць і губляць, і не весціся на правакацыі».

Заўважым, што самому Баброўскі ўезд на тэрыторыі Еўразвязу забаронены.

Баброўскі не лічыць, што Крым быў акупаваны Расеяй, і не бачыць у паездцы ў Севастопаль ніякай палітыкі: «Байк-шоў у Крыме праводзіцца ў сёмы раз, да таго ж, тое што здарылася ў Крыме – гэта выбар людзей і мы яго не можам аспрэчваць».

Баброўскі адмаўляе ў тым, што «Начныя ваўкі» праект Крамля: – Калі клуб існуе з 1989 года, то якія доўгатэрміновыя праекты ў нашага Крамля? Але пры гэтым калі ў мяне пытаюцца падтрымліваем ці мы палітыку Пуціна – я ўсім кажу адно – у вас ёсць прэзідэнт Лукашэнка, у нас ёсць прэзідэнт – Пуцін. І мы падтрымліваем палітыку нашага прэзідэнта, і калі б мы не падтрымлівалі мы б усе рабілі, каб прэзідэнт быў іншы. Чаму мы павінны не падтрымліваць Пуціна? Вядома, падтрымліваем!

АЛ, belsat.eu

Стужка навінаў