Адмыслоўцы распавялі, дзе ў Беларусі самыя радыёактыўныя грыбы


Супрацоўнікі «Беллесаховы»  прааналізавалі вынікі радыяцыйнага абследавання адабраных пробаў грыбоў і ягад на ўтрыманне цэзія-137 у лясах са шчыльнасцю забруджвання глеб цэзіем-137 ад 1 да 5 Кі/км2. Вынікі паказалі перавышэнне дапушчальных узроўняў утрымання ў іх радыеактыўнага нукліду ва ўсіх вобласцях краіны, за выключэннем Віцебскай.

Параўнанне вынікаў радыяцыйнага кантролю цягам апошніх пяці гадоў паказвае, што ўтрыманне цэзія-137 у ягадах і грыбах паступова змяншаецца, што звязана з натуральным радыеактыўным распадам рэчыва.

Нягледзячы на гэта, узровень забруджвання ягад цэзіем-137 застаецца на высокім узроўні – да 28% ягад чарніцы ад усіх правераных у год перавышаюць дапушчальны ўзровень 185 Бк/кг (дапушчальны ўзровень утрымання радыенуклідаў-99).

Узровень забруджвання грыбоў цэзіем-137 таксама высокі – да 37% свежых грыбоў ад усіх правераных у год перавышаюць дапушчальны ўзровень 370 Бк/кг.

У Берасцейскім лесагаспадарчым абʼяднанні перавышэнне дапушчальных узроўняў утрымання цэзія-137 паказалі 19% ад правераных проб грыбоў; у Гомельскім – 45%; у Гарадзенскім – 10%; у Менскім – 40%; у Магілёўскай – 25%.

Высокія ўзроўні ўтрымання цэзія-137 у грыбах былі зафіксаваныя ў шмат якіх лясгасах, у тым ліку – у Чэрыкаўскім Магілёўскай вобласці – 2148 Бк/кг у сыраежкі, (пры норме ў 370 Бк/кг), Бярэзінскім Менскай вобласці – 3380 Бк/кг у сыраежкі, Лельчыцкім Гомельскай вобласці – 6851 Бк/кг у белых грыбах, Столінскім Брэсцкай вобласці – 5200 Бк/кг у лісічках.

Інфармацыю пра забруджванне тэрыторыі лясоў можна атрымаць на сайтах лясгасаў, паведамляе «Беллесахова».

ДР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары