На розных мовах: што пра візіт Лінкявічуса распавяло беларускае МЗС, а што – літоўскае


У чацвер свайго беларускага калегу Уладзіміра Макея наведаў міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус. Нягледзячы на нядаўнюю размарозку дачыненняў з Еўразвязам, беларускі бок пазбягае нязручных тэмаў ды ўсцяж трымае крыўду на санкцыі. Адрозніваюцца і паведамленні прэс-службаў МЗС двух краінаў.

Сайт МЗС Беларусі цытуе Уладзіміра Макея: «Мы разлічваем, што санкцыйная логіка Еўразвязу ў дачыненні нашай краіны ўсё ж-такі адыдзе ў нябыт, і цэнім канструктыўную, прагматычную пазіцыю нашых літоўскіх партнёраў».

З прэс-рэлізу літоўскага вонкавапалітычнага ведамства вынікае, што абмежавальныя захады для беларускіх чыноўнікаў і бізнесу – гэта не пазіцыя Еўразвязу, а адказ на дзеянні ўладаў Беларусі. У лютым 2016 года ЕЗ разгледзіць магчымасць вяртання санкцыяў, грунтуючыся на канчатковых справаздачах АБСЕ і БДІПЧ аб апошніх прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі.

Лінас Лінкявічус прывітаў скасаванне санкцыяў, адначасова заклікаўшы не абмяжоўвацца вызваленнем палітвязняў, а працягваць станоўчыя перамены ў галінах правоў чалавека, вяршэнства права і дэмакратызацыі. Таксама госць разлічвае, што працягне перамовы з Еўразвязам аб спрашчэнні візавага рэжыму.

І беларускія, і літоўскія журналісты адзначаюць, што міністры дзвюх краінаў падчас прэс-канферэнцыі не абмінулі тэму геапалітычнай напружанасці ў рэгіёне. Аднак Уладзімір Макей зрабіў акцэнт на недапушчальнасці ўзмацнення вайсковай актыўнасці па абодва бакі мяжы, у той час як Лінас Лінкявічус падзякаваў Беларусі за пазіцыю па Крыме, Паўднёвай Асеціі і Абхазіі.

Прэс-служба беларускага МЗС перадае, што бакі абмеркавалі супрацу ў сферах экалогіі і энергетыкі. Іх літоўскія калегі раскрываюць парадак дня шырэй. Лінкявічус выказаў занепакоенасць у сувязі з будаўніцтвам атамнай электрастанцыі ў Астраўцы, падкрэсліўшы неабходнасць строга прытрымлівацца міжнародных патрабаванняў па атамнай і экалагічнай бяспецы.

Ён звярнуў увагу, што пабудова такога аб’екта на самай мяжы з суседняй дзяржавай вымагае максімальнай празрыстасці і адкрытасці, гарантыі бяспекі для грамадзянаў. У чарговы раз Літва заклікала беларускае кіраўніцтва як мага хутчэй ажыццявіць пастановы канферэнцыі міністраў канвенцыі Эспа 2014 г.

Літоўскі і беларускі калегі дамовіліся, што абмяркуюць гэтае пытанне падчас двухбаковай экспертнай сустрэчы, якая мусіць адбыцца сёлета ў снежні.

Пасля перамоваў з Макеем літоўскі міністр сустрэўся з палітычнымі экспертамі, прадстаўнікамі беларускай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці. Беларускі МЗС вырашыў, што пра гэтую частку візіту лепш прамаўчаць.

Настасся Яўмен, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары