На прыпынку ў цэнтры Масквы прагрымеў выбух

urgent

На месцы здарэння. Фота https://twitter.com/unkn0wnerror

У Маскве прагрымеў выбух на прыпынку грамадскага транспарту на вуліцы Пакроўка.

Пра гэта ў панядзелак, 7 снежня, паведамляе расейскі тэлеканал «Дождь» са спасылкай на ТАСС.

Крыніца ў праваахоўных органах паведаміла аб трох пацярпелых у выніку выбуху.

«На адным з прыпынкаў грамадскага транспарту адбыўся выбух невядомага самаробнага выбуховага прыстасавання, у выніку чаго пацярпелі тры чалавекі. На месцы здарэння працуюць некалькі брыгад хуткай дапамогі і ратавальнікі сталічнага МНС», – прыводзіць ТАСС словы крыніцы.

Паводле дадзеных «РИА Новости», у людзей, якія стаялі на прыпынку, кінулі бомбу.

«Папярэдне, у групу людзей, якія стаялі на прыпынку, кінулі невядомае выбуховае прыстасаванне, пацярпелі трое», – паведаміў суразмоўца агенцтва.

У прэс-службе сталічнага дэпартаменту аховы здароўя «Інтэрфаксу» паведамілі пра чатырох пацярпелых. «Па ўдакладненых звестках, у выніку таго, што адбылося, пацярпелі чатыры чалавекі; трое з іх шпіталізаваныя ў навукова-даследчы інстытут імя Скліфасоўскага», – растлумачылі ў прэс-службе. Яшчэ аднаму пацярпеламу дапамога была аказана на месцы. «Раненні не цяжкія», – адзначыў суразмоўца агенцтва.

Па факце выбуху на прыпынку заведзеная крымінальная справа паводле артыкулу «Хуліганства», перадае карэспандэнт «Дождя».

Магутнасць выбуховага прыстасавання склала 50 грам у тратылавым эквіваленце, інфармуе «Інтэрфакс».

Кіраўнік прэс-службы маскоўскай паліцыі Андрэй Галіакбераў паведаміў агенцтву, што прычынай выбуху мог стаць самаробны выбуховы пакет.

«Па папярэдніх звестках, прычынай выбуху на аўтобусным прыпынку, размешчаным на вуліцы Пакроўка, мог стаць самаробны выбуховы пакет, выкінуты з аўтамашыны, якая праязджала міма, або з акна шматпавярховага дому», – прыводзіць «Інтэрфакс» словы Галіакберава.

МЯ, паводле tvrain.ru

Глядзі таксама
Каментары