На падрыхтоўку Мсціслава да Дажынак выдалі 90 мільярдаў і яшчэ спаганялі грошы з людзей

video

Цэнтральныя вуліцы Мсціслава перакапаныя. Увесь дзень тут гудзіць будаўнічая тэхніка. 24-га верасня ў горад прыйдуць «Дажынкі». У Беларусі гэта адзіная магчымасць для малога гораду атрымаць грошы на добраўпарадкаванне. Сродкі на рамонт вылучаныя вялізарныя. У недэнамінаваных рублях – больш за 50 мільярдаў.

З бюджэту Магілёўскай вобласці дадаткова выдаткаваныя 40 мільярдаў рублёў. Але і гэтага мала. Факты сведчаць: з жыхароў Мсціслава добраахвотна-прымусова таксама спаганялі сродкі на «Дажынкі».

Настаўнікаў, паводле завядзёнкі савецкіх часоў, прымушалі бясплатна добраўпарадкоўваць вуліцы.

«Настаўнікі ў вольны ад працы час збіраюцца маленькімі брыгадамі і дапамагаюць рабочым», – сведчыць жыхарка Мсціслава.

«Дажынкі» – бадай адзіная магчымасць зарабіць. Бо заробкі ў Мсціславе малыя – на рынку працы прапаноўваюцца вакансіі ад 100 да максімум 300 рублёў.

«Працуем па дванаццаць гадзін у дзень, без выхадных, нават у суботу. З 8 раніцы да 8 вечара», – кажа рабочы з Мсціслава.

Але рэканструкцыя закранае толькі некалькі цэнтральных вуліцаў. А тым часам шмат якіх кварталаў не рамантавалі з XIX-га стагоддзя.

Аднак пенсіянеры вераць, што пасля «Дажынак» моладзь перастане з’яpджаць са старажытнага Мсціслава ў вялікія сучасныя гарады.

«Пабудавалі Дом шлюбаў, моладзь будзе толькі жаніцца, разводаў ніякіх не будзе», – спадзяецца мясцовая жыхарка.

Улады чакаюць турыстычнага буму. Сапраўды, Мсціслаў багаты архітэктурнаю спадчынаю. Але шмат якія каштоўныя будынкі разбураюцца. Пакуль толькі некалькі з іх адноўленыя – як, напрыклад, Свята-Траецкая царква. Яшчэ нядаўна яна належала водаканалу і будаўнічаму каледжу.

«Тут хочуць зрабіць турыстычны горад, тут многа цэркваў», – адзначыў жыхар Мсціслава.

«Дажынкі» сёлета ладзяць разам з рыцарскім фэстам. На Замкавай гары часткова аднавілі старажытную цытадэль.

«Мільярд рублёў каштуе данжон, столькі ж сядзіба. На ўсе работы выдзелена 5 мільярдаў», – распавёў рабочы.

Старажытны замак бараніў калісьці Мсціслаў ад Расеі, што пачынаецца за некалькі кіламетраў ад гораду. Але замест выхавання тутэйшых жыхароў у духу беларускага патрыятызму ўлады выказваць вернасць суседняй краіне. Святочны вячэрні канцэрт «Дажынак» пройдзе пад дэвізам «Майстры мастацтваў Беларусі і Расеі – працаўнікам вёскі Магілёўшчыны».

Максім Кот, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары