На незалежнага журналіста Алеся Кіркевіча завялі адміністрацыйную справу


Алеся Кіркевіча хочуць прыцягнуць да адказнасці за рэпартаж пра адкрыццё выставы слуцкіх паясоў у Беларускім музеі гісторыі і рэлігіі, які быў паказаны на «Белсаце» на пачатку сакавіка.

Абвінавачванне ўсё тое ж – арт. 22.9 ч.2 КаАП – «незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ».

Сам Алесь Кіркевіч лічыць абвінаваччванне незаконным, паколькі згодна з дадзеным артыкулам прадугледжваецца адказнасць юрыдычных, а не фізічных асоб.

«Пакуль толькі складзеныя пратаколы на мяне і Алеся Дзянісава, якія ўжо будуць перададзеныя ў суд неўзабаве. Не лічу прапаганду беларускай культуры ў Беларусі (а сюжэт быў пра слуцкія паясы) злачынствам – і не важна, робіцца гэта з акрэдытацыяй ці без», – адзначыў Алесь Кіркевіч у каментары belsat.eu.

19 сакавіка выклікі ў міліцыю атрымалі адразу некалькі незалежных журналістаў, сярод якіх былі Алесь Кіркевіч, Алесь Дзянісаў і Андрэй Мялешка.

У Берасці 26 сакавіка адбыўся суд над незалежным журналістам Алесям Ляўчуком. Яго асудзілі без ягонага ведама, аштрафаваўшы на 3 мільёны 780 тысяч беларускіх рублёў.

ДР, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары