На марш пратэсту ў Брусель прыехалі на 500 аўтобусах. Былі бойкі і перакуленыя аўты


У сталіцы Бельгіі пратэставалі супраць палітыкі эканоміі новага ўраду. Паліцыя мусіла выкарыстаць слезацечны газ і вадамёты.

Каля 100 тысячаў дэманстрантаў прайшлі вуліцамі Бруселю ў маршы супраць рэформаў і захадаў новага бельгійскага ўраду па скарачэнні дзяржаўных выдаткаў. Пазней некалькі сотняў чалавек уступіла ў сутычкі з паліцыянтамі, перакульваючы аўтамабілі і кідаючы ў сілавікоў камяні і кавалкі бруку.

Паліцыя ачысціла гарадскую плошчу, выкарыстаўшы пярцовы аэразоль і вадамёты. Прадстаўнікі паліцыі адмовіліся паведаміць, колькі чалавек былі затрыманыя і колькі паліцыянтаў ды пратэстоўцаў атрымалі раненні.

Марш супраць палітыкі ашчаджання быў першай акцыяй у шэрагу дэмастрацыяў і страйкаў, запланаваных цягам найбліжэйшых тыдняў. Дэманстранты прыехалі ў Брусель з рэгіёнаў на 15 дадатковых цягніках і 500 аўтобусах, замоўленых прафсаюзамі.

Раней правацэнтрысцкі ўрад Бельгіі, сфармаваны месяц таму, паабяцаў павысіць пенсійны ўзрост і абмежаваць датэрміновы выхад на пенсію, адмяніць павелічэнне заробкаў і скараціць бюджэтныя выдаткі на ахову здароўя і сацыяльнае забеспячэнне.

МЯ, belsat.eu, паводле Reuters

Стужка навінаў