Асобы ў цывільным затрымалі на Будслаўскім фэсце двух удзельнікаў у саколках з нацыянальнай сімволікай.
Пра гэта паведаміў «Нашай Ніве» прадстаўнік Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павал Пракаповіч.
Удзельнікі – імаверна, гэта былі бацька і сын – былі затрыманыя людзьмі ў цывільным з рацыямі і адпраўленыя ў пастарунак міліцыі. Там палкоўнік міліцыі Юрый Жалубоўскі, намеснік начальніка аддзелу ўнутраных спраў Мядзельскага райвыканкаму правёў з затрыманымі гутарку, падчас якой было заяўлена, што «не трэба пераўтвараць рэлігійнае мерапрыемства ў палітычнае», распавёў Павал Пракаповіч, які быў сведкам здарэння.
Затрыманыя мелі на саколках надпісы па-беларуску «Беларусь» і па-англійску «Belarus».
Пад канвоем амапаўцаў вернікаў вывелі за тэрыторыю фэсту да іх аўтамабіля.
Прадстаўнікі ўладаў не пыталіся меркавання арганізатараў Будслаўскага фэсту, ці бачаць яны ў патрыятычнай сімволіцы «палітыку».
Свята Маці Божай Будслаўскай у гэтым годзе наведалі больш за 10 тысяч чалавек, у тым ліку 3000 пешых пілігрымаў.
Вялікая частка ўдзельнікаў, збольшага моладзь, была апранутая ў дзень свята ў вышытыя беларускія кашулі і іншую вопратку з нацыянальным арнаментам і сімволікай.
Урачыстасці ў гонар абраза Маці Божай Будслаўскай праходзяць сёлета 3-4 ліпеня.
Паводле nn.by