На Данбасе забілі правадыра тэрарыстаў Мазгавога: усе падрабязнасці


Камандзіра брыгады тэрарыстаў «Призрак» Аляксея Мазгавога жорстка забілі на Данбасе.

Пра гэта паведамляе сайт obozrevatel.com са спасылкай на расейскі прапагандысцкі тэлеканал Lifenews.

«Камандзір брыгады «Призрак», ягоная прэс-сакратарка Ганна, два ахоўнікі, а таксама начальнік службы бяспекі Мазгавога з пазыўным Песня загінулі, патрапіўшы пад абстрэл. Перад мікрааўтобусам, у якім знаходзіўся камбрыг і яго паплечнікі, падарвалі міну, а затым расстралялі са стралковай зброі, у тым ліку з кулямёта», – сцвярджаюць расейскія журналісты-прапагандысты.

Інфармацыю аб гібелі палявога камандзіра пацвердзіў дарадца кіраўніка Міністэрства ўнутраных справаў Украіны, народны дэпутат Антон Герашчанка.

«Патэлефанавалі таварышы з Луганскай вобласці, якія манітораць радыёэфір. Кажуць, што дзве гадзіны таму ў раёне сяла Міхайлаўскае, што пад Алчэўскам, спецназ ГРУ ліквідаваў вядомага кіраўніка тэрарыстычнай арганізацыі ЛНР Аляксея Мазгавога і шасцярых ягоных целаахоўнікаў», – напісаў дэпутат у сваім «Фэйсбуку».

Паводле яго слоў, прычына забойства – «тая ж, што і ў студзені з іншым вядомым лідарам луганскіх бандфармаванняў Бэтмэнам – нежаданне падпарадкоўвацца камандам з Масквы».

«Шкада што ён цяпер не паўстане перад трыбуналам за сотні смерцяў і катаванняў мірных грамадзянаў, да якіх ён быў непасрэдна датычны», – адзначыў Герашчанка.

Дарадца кіраўніка МУС Украіны нагадаў, што ўпершыню банда Мазгавога стала вядомая 13 траўня мінулага года, калі яе чальцы расстралялі аўта прадпрымальніка з гораду Свярдлоўску, які, сабраўшы свае зберажэнні, спрабаваў вырвацца з ахопленага тэрорам гораду. Ён не спыніўся на блокпосце тэрарыстаў і ягоную машыну падзіравілі кулямі. Тады загінуў сам прадпрымальнік, ягоная жонка, а 10-гадовая дачка была параненая.

Смерць Мазгавога ды яшчэ 6 чалавек пацвердзілі ў ЛНР, інфармуе interfax.ru. Замах на камандзіра баевікоў магла арганізаваць дыверсійная група, падкантрольная Кіеву, паведамілі ў ЛНР.

У той жа час камандзір антысепаратысцкага партызанскага атраду «Цені» Аляксандр Гладкі на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» распавёў падрабязнасці ліквідацыі Аляксея Мазгавога.

«Мазгавога падарвалі дыстанцыйна двума МОН-50 (супрацьпяхотная міна – рэд.) а 18:48 каля Міхайлаўкі на павароце трасы Перавальск – Луганск. Рухаўся з боку селішча Стаханаў. Пры выбуху адразу з мазгавым (раненнем – рэд.) загінулі 3 чалавекі, а траіх з аўтаматаў Калашнікава дабілі», – напісаў партызан.

Аляксей Мазгавы быў вядомы сваймі кантактамі з Уладзімірам Жырыноўскім, які адзін час быў спонсарам ягонай банды. Сёлета ў сакавіку Аляксей Мазгавы перажыў ужо адзін замах. 7 сакавіка аўтамабіль з Мазгавым (брыгада «Призрак») быў падарваны ў Алчэўску. Палявы камандзір быў паранены асколкам у галаву.

Правадыр баевікоў заявіў, што ў замаху не варта вінаваціць украінскіх вайскоўцаў, аднак адзначыў, што дачыненне да выбуху кіраўніка ЛНР Ігара Платніцкага яшчэ неабходна даказаць.

Раней Мазгавы абвінавачваў правадыроў ЛНР у паборах ды раскраданні расейскай гуманітарнай дапамогі.

МЯ, паводле obozrevatel.com, interfax.ru

Стужка навінаў