На Астравецкай АЭС мог здарыцца яшчэ адзін інцыдэнт


Гэткія падазрэенні выказалі ў Дэпартаменце дзяржбяспекі Літвы.

«Магу пацвердзіць, што ДДБ правярае інфармацыю пра магчымы інцыдэнт на Беларускай АЭС», – сказаў прэс-сакратар ДДБ Вітаўтас Макаўскас.

Міністр навакольнага асяроддзя Літвы Кястуціс Трэчокас паведаміў, што таксама чуў пра магчымы інцыдэнт, і што ён «больш сур’ёзны», чым ранейшы.

У сваю чаргу Міністэрства энергетыкі Беларусі заяўляе, што ніякіх новых інцыдэнтаў пры будаўніцтве Беларускай АЭС у Астраўцы не было.

8 красавіка на будоўлі АЭС абвалілася частка апорнай канструкцыі будучага будынку кантролю ядравай бяспекі.

Пасля гэтай інфармацыі начальнік аддзелу інфармацыі і грамадскіх сувязяў БелАЭС Эдуард Свірыд даводзіў, што ніякіх здарэнняў на абʼекце не было. Пазней Міністэрства замежных спраў Літвы ўручыла паслу Беларусі Аляксандру Каралю ноту праз «магчымы інцыдэнт на размешчанай за 50 км ад Вільні Астравецкай атамнай электрастанцыі». У выніку беларускае Міністэрства энергетыкі прызнала, што на будоўлі АЭС былі «дэфекты пры падрыхтоўчых працах». Пазней амбасадара Літвы запрашалі прыехаць на будоўлю, але ён адмовіўся.

Беларускую АЭС у Астраўцы будуе расейская атамная карпарацыя «Росатом».

ДР, belsat.eu паводле delfi.lt

Глядзі таксама
Каментары