На адкрыццё першага «беларускамоўнага» супермаркету прыйшло 10 000 гарадзенцаў


Гандлёвая сетка «Еўраопт» запусціла эксперыментальны філіял з акцэнтам на беларускую мову ў абслугоўванні.

За паўгадзіны да адкрыцця супермаркету па вуліцы Дубко ў Горадні ля будынку сумавалі натоўпы людзей. Збольшага жанчыны, маладыя ды ва ўзросце, часцяком з дзецьмі. Калі ўваход у гандлёвыя залы нарэшце адчыніўся, лавіна людзей ішла больш за дзесяць хвілінаў.

«Фішкай» новага супермаркету мелася стаць беларуская мова ў абслугоўванні. Сапраўды, нават слоган на фасадзе будынку ўпершыню быў выкананы беларускай лацінкай, а не па-расейску, як у іншых месцах.

Унутры гандлёвых залаў дамінуе беларускамоўная навігацыя. То бок асноўны надпіс з найменнем аддзелу ці групы прадуктаў вялікімі літарамі ідзе па-беларуску, а ўнізе маленькімі – па-ангельску ды па-расейску.

Персанал, пры гэтым, на «беларускую хвалю» так пакуль і не настроіўся.

На пытанне ў кандытарскім аддзеле: «Разлічыцца можна ў вас ці на касе?» маладая прадавачка пасля паўзы адказвае: «А што вы імеете ввіду?».

Ужо на касах супрацоўніца тлумачыць, што з персаналам у плане мовы ніхто не працаваў: «беларусізацыя» пакуль абмяжоўваецца шыльдамі ды назвамі аддзелаў.

Адміністрацыя гандлёвай сеткі паведаміла, што супермаркет з «беларускім акцэнтам» – гэта пілотны праект. Калі моўны эксперымент будзе ўдалым, а рэакцыя людзей станоўчай, будуць прымацца рашэнні пра рэбрэндынг іншых гандлёвых аб’ектаў.

АК

Стужка навінаў