МЗС Вялікай Брытаніі ў інфаграфіцы паказаў, чаму падае рубель


Паводле брытанскіх дыпламатаў, прычынай імклівай дэвальвацыі рубля з’яўляецца палітыка Крамля.

Схема апублікаваная ў «Twitterы» брытанскай амбасады ва Украіне.

Незаконная анексія Крыму, удзел у ваенных дзеяннях на Усходзе Украіны, а таксама фарміраванне без міжнароднага ўзгаднення «гуманітарных канвояў» выклікалі негатыўную міжнародную рэакцыю, якая вылілася ў санкцыі. У прыватнасці Еўразвяз наклаў абмежавальныя меры на 43 расейскія кампаніі і 119 грамадзянаў Расеі.

Акрамя санкцый, на дэвальвацыю рубля ўплывалі зніжэнне кошту нафты, а таксама «няправільнае кіраванне расейскай эканомікай», перадае «Еўрапраўда».

Будучыня Расеі ў яе руках, адзначаюць у МЗС. Для адмены санкцый Расея павінна «спыніць дзеянні ва Украіне».

Тым часам на тэрыторыю Украіны трапіў ужо дзясяты гуманітарны канвой з Растоўскай вобласці. Назіральнікі зафіксавалі ў яго складзе 16 бензавозаў.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў