Амбасадар Літвы атрымаў ноту ад МЗС Беларусі


Літоўскае паветранае судна парушыла дзяржаўную мяжу Беларусі 19 красавіка, заяўляе МЗС Беларусі. Амбасадар Літвы атрымаў ноту пратэсту.

22 красавіка ў МЗС Беларусі быў выкліканы амбасадар Літвы ў Беларусі Андрус Пулокас. Падчас сустрэчы кіраўніку літоўскай дыпламатычнай місіі была ўручана нота, у якой беларускі бок заявіў пратэст у сувязі з зафіксаваным фактам парушэння дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь літоўскім паветраным суднам.

«Паветранае судна паглыбілася на тэрыторыю Беларусі на адлегласць да 8 км і ў 13.43, здзейсніўшы разварот, выйшла за межы паветранай прасторы нашай краіны. Увесь час знаходжання ў паветранай прасторы Беларусі самалёт кантраляваўся сродкамі супрацьпаветранай абароны», – сказана ў прэсавым рэлізе МЗС.

Парушэнне дзяржаўнай мяжы з боку Літвы было зафіксавана 19 красавіка 2017 года ў 13.40.

Як падкрэслена ў ноце МЗС, беларускі бок чакае тлумачэнняў з нагоды інцыдэнту.

паводле tut.by

Стужка навінаў