Мясніковіч папрасіў кардынала з Ватыкану паспрыяць візіту Папы Рымскага ў Беларусь


Магчымы візіт Папы Рымскага Францішка ў Беларусь можа стаць добрым знакам для міжканфесійных зносінаў, заявіў 13 сакавіка старшыня Савету Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч на сустрэчы з дзяржаўным сакратаром Ватыкану кардыналам П’етра Паралінам.

Пра гэта паведамляе афіцыйнае агенцтва БелТА.

«Хацеў бы таксама выказаць пажаданне, каб ваш візіт, дыялог на вышэйшым узроўні спрыяў таму, каб адбыўся візіт Папы Рымскага Францішка да нас у Беларусь. Гэта быў бы вельмі добры знак як у рамках двухбаковых, так і міжканфесійных стасункаў», – сказаў Міхаіл Мясніковіч.

«Магчымы візіт Папы Рымскага мы не абмяркоўвалі, пакуль такое пытанне не стаіць», – распавёў БелаПАНу пасля спаткання з кардыналам кіраўнік Беларускай праваслаўнай Царквы Маскоўскага патрыярхату мітрапаліт Павел.

«Беларускія вернікі з нецярпеннем чакаюць візіту Пантыфіка», – сказаў прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Кабякоў кардыналу Параліну, падае catholic.by.

Кардынал падчас сустрэчы з прэм’ер-міністрам прызнаўся, што за час свайго знаходжання ў Беларусі паспеў пераканацца ў сардэчнасці і гасціннасці беларускага народу. «За гэта я глыбока ўдзячны», – дадаў іерарх.

Спаткаўся з прадстаўніком Ватыкану і кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка, які паведаміў, што за апошнія 20 гадоў колькасць каталіцкіх прыходаў у Беларусі павялічылася амаль у чатыры разы, дзяржава перадало звыш 300 будынкаў і культавых збудаванняў. Забяспечанасць каталікоў культавымі будынкамі ў Беларусі складае 98%. «Такой забяспечанасці культавымі будынкамі ніводная іншая канфесія ў Беларусі не мае, і за мяжой, напэўна, у Ватыкану такі паказнік цяжка знайсці», – выказаў меркаванне Лукашэнка.

Дзяржаўны сакратар Ватыкану сустрэўся сёння таксама з міністрам замежных справаў Беларусі Уладзімірам Макеем ды абмеркаваў з ім пытанні супрацы ў сферах узаемнага інтарэсу, падае interfax.by.

Кардынал Паралін прабудзе ў Беларусі да 15 сакавіка з афіцыйным візітам не запрашэнне беларускіх уладаў. Гэта другі падобны візіт прадстаўніка Ватыкану ў гісторыі сучаснай Беларусі пасля 2008 года, калі краіну наведаў дзяржсакратар Святога пасаду кардынал Тарчызьё Бэртонэ, падае БелаПАН.

Менш за два месяцы таму ў Беларусі ўзнікла канфліктная сітуацыя праз выказванні ўпаўнаважанага па справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў Леаніда Гулякі ў адрас каталіцкіх святароў.

Выступаючы 22 студзеня на ведамасным пасяджэнні, Гуляка заявіў, што «некаторыя ксяндзы з Польшчы спрабуюць займацца палітыкай». Ён таксама паведаміў, што ў 2014 годзе некаторыя замежныя каталіцкія святары дапускалі парушэнні, не заехаўшы ў Беларусь ва ўстаноўлены тэрмін і не прайшоўшы неабходную рэгістрацыю. Згадаў Гуляка і аб адміністратыўных парушэннях, учыненых каталіцкімі святарамі.

Праз некалькі дзён беларускія каталікі пачалі збор подпісаў пад калектыўным зваротам да кіраўніцтва краіны, у якім гаварылася, што падобныя заявы дзяржслужбоўцы абражаюць іх саміх і іх пастыраў. А 31 студзеня з заявай выступіла Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў. Біскупы расцанілі выказванні з боку беларускіх уладаў як «неабгрунтаванае абразу каталіцкага Касцёлу і распальванне міжнацыянальнай і міжканфесійнай варожасці», а таксама папрасілі Леаніда Гуляку прадставіць канкрэтныя факты па выказаных абвінавачаннях.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН, БелТА, interfax.by, catholic.by

Глядзі таксама
Каментары