Мянчук Каліноўскі штогод ездзіць ваяваць у Крым. Размова з рэканструктарам


Прыйшоў працаваць эканамістам на завод, а стаў… унтэрафіцэрам Берасцейскага пяхотнага палка. Валянцін Каліноўскі распавядае Belsat.eu пра сваё хобі.

Рэканструкцыю абмундзіравання Валянцін Каліноўскі называе не хобі, а вобразам жыцця. Захапленне не з танных: адзін сярэдні камплект салдацкай формы і рыштунку каштуе некалькі тысячаў долараў. У Валянціна ваенных рэчаў столькі, што можна завесіць цэлы пакой.

«Часцей за ўсё ён з’язджае «ваяваць» летам на выхадныя, – кажа пляменніца Настасся. – Гэта своеасаблівае хобі. Прычым вельмі цікавае і незвычайнае. Сапраўдная мужчынская гульня ў салдацікаў. Як вяртаецца, брудны, з кіпай торбаў, мы са сваякамі шчыра цешымся: «Валя з вайны прыйшоў! Шчасце якое!».

Такія выезды на фестывалі не частыя. Звычайна прывязаныя да гістарычных датаў. Сустрэчы рэканструктараў ладзяць і ў Беларусі, і ў Польшчы, і ў Літве, і ў Расіі. І ўсё па-сапраўднаму. Калі ночаць, то ў палатках, прычым такіх, якія існавалі ў ранейшыя часы. Толькі што з ежай усё па-сучаснаму. Хаця сталовыя прыборы – таксама з налётам гісторыі.

«Гульня ў салдацікаў» часам небяспечная

На выездах заўсёды гавораць пра тэхніку бяспекі, бо з рыштункам лепш проста так не жартаваць.

«Вось ад шаблі след, – паказвае Валянцін Каліноўскі свой ківер, галаўны ўбор. – Не вельмі прыемна, калі з усяго размаху па галаве лупяць, але здараецца».

Пакуль не было выпадкаў, каб вяртаўся дамоў перабінтаваны. Аднак не ўсім так шанцуе.

Звычайна асноўная небяспека зыходзіць ад кавалерыстаў, якія выязджаюць на поле на конях. Жывёлы могуць пужацца гучных стрэлаў і выбухаў піратэхнікі, але не толькі гэтага варта асцерагацца.

«Поле абмежаванае, – тлумачыць Валянцін. – І калі вакол шмат канёў, трэба не толькі глядзець сабе пад ногі, але і па баках. Даводзіцца ўвесь час манеўраваць».

Жанчын на полі не любяць, затое ў лагеры ім радыя

У паралельнай рэальнасці, дзе 1812 год і ідзе вайна, Валянцін унтэр-афіцэр Берасцейскага пяхотнага палка.

«У мяне ёсць і афіцэрская форма, але мала народу: усе афіцэры, а ваяваць няма каму. Таму еду салдатам», – кажа ён.
Жанчыны таксама бяруць удзел у з’ездах рэканструктараў. У шэрагі салдатаў іх звычайна не пускаюць, але як фельчараў, як дам сэрца – лёгка.

«Афіцэры любяць прагульвацца з дамамі, – усміхаецца Валянцін. – Ім сукенкі таксама шыюць спецыяльна. Іншыя клубы, якія жаночую вопратку аднаўляюць. Часам ладзяць балы. На полі арганізатары не вельмі радыя бачыць жанчын. Затое ў лагеры радыя заўсёды. Яны і накормяць, напояць.

Аднойчы на выездзе святкавалі вяселле. Абодва маладыя ўдзельнічаюць у рэканструкцыі. Распісаліся ў Менску, а святкаваць прыехалі ў лагер. Госці ўсе былі пры парадзе – у ваенных касцюмах.

У фільмах займаюць месца паміж акторамі і масоўкай

На здымках гістарычных фільмаў ёсць людзі, якія сочаць, каб усё адпавядала рэаліям таго часу.

«Рэканструктары тут як спецыялісты. Ідуць за акторамі, але наперадзе масоўкі. Мы ведаем, як дзейнічалі войскі, і падказваем некаторыя рэчы рэжысёру. Ён часам кажа асноўнай масоўцы: «Бачыце, як яны робяць? І вы так рабіце». Яго ўвага ўжо не адцягваецца на дакладнасць, а канцэнтруецца на самой задуме», – зазначае Валянцін.

Прыйшоў працаваць эканамістам на завод, а ўвязаўся ў рэканструкцыю

Валянцін займаецца абмундзіраваннем апошнія пятнаццаць гадоў. У 1999 годзе прыйшоў працаваць на Менскі падшыпнікавы завод, а праз год завітаў у аддзел ваенна-гістарычнага выхавання. Прыйшоў паглядзець, што там робяць, і так захапіўся, што далучыўся да іх.

Ён сябра клубу ваенна-гістарычнай рэканструкцыі «Грэнадзёр», што існуе ўжо цягам 15 гадоў. Актыўных рэканструктараў у ім з дзясятак. Яшчэ столькі ж тых, хто часам далучаецца да выездаў на фестывалі. Клуб уваходзіць у ваенна-гістарычнае аб’яднанне «Менскі пяхотны полк».

«Звычайна спачатку рэканструктар спецыялізуецца на падзеях аднаго часу, – кажа Валянцін. – Я адразу займаўся вайной 1812 года. Потым перайшоў на Крымскую. Яшчэ пазней узяўся і за Другую сусветную».

Дзеці тарашчаць вочы: машына часу існуе?

«Жыць у кватэры з Валяй, як у музеі, – кажа пляменніца Настасся. – Трэба ўмудрыцца, каб прайсці па кватэры і не закрануць гісторыю. З гэтым трэба проста змірыцца і не перашкаджаць. Валю часам запрашаюць на ўрокі гісторыі. Ён прыходзіць ва ўсёй гэтай амуніцыі. Дзеці вочы тарашчаць ад здзіўлення: няўжо машына часу існуе?»

Відавочна, у кватэры Валянціна існуе дакладна. І паказаў ён далёка не ўсё, што хаваецца на паліцах шафаў.

Настасся Маланка, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары