Экс-міністр абароны Літвы: «Лукашэнка выгодны Крамлю»

video

Раса Юкнявічэне, чалец літоўскага парламенту і былая міністр абароны – пра Вейшнорыю, аднаўленне СССР і ядравую зброю на вучэннях«Запад».

Якую пагрозу для Літвы нясуць вучэнні «Захад-2017»? Праблема толькі ў беларускай частцы вучэнняў або яшчэ ў манеўрах у Калінінградскай вобласці і на мяжы Расеі з балтыйскімі краінамі?

Не сказала б, што ў нашай краіне вучэнняў хтосьці баіцца. Так, гучаць галасы, што расейскія войскі застануцца ў Беларусі, што вучэнні нясуць пагрозу Украіне (яе паўночная мяжа цяпер ахоўваецца недастаткова), але мы глядзім на гэта толькі як на элемент таго, што адбываецца каля нашых межаў з 2008-2009 гадоў, калі Расея пачала мілітарызацыю гэтага рэгіёну.

Тут дыслацыруецца найноўшая тэхніка, на моры, у паветры і на сушы, і вучэнні «Захад» – толькі элемент агульнага працэсу. Пасля іх нічога не зменіцца, калі не будзе правакацыяў.

Колькасць расейскіх войскаў ля межаў Літвы, Латвіі і Эстоніі – у тым ліку ў Беларусі і ў Калінінградскай вобласці – перавышае колькасць нашых разам з батальёнамі НАТО, якія цяпер у нас базуюцца. Усё застанецца па-ранейшаму – ролю вучэнняў «Захад» я б не перабольшвала.

Ці можа Расея пад прыкрыццём вучэнняў пакінуць сваю тэхніку ў Беларусі?

Мы ўбачым, гадаць я не магу. Але такія прагнозы ёсць. Наагул, не думаю, што прэзідэнт Беларусі можа сам вырашаць.

На жаль, інтэграцыя беларускіх узброеных сілаў з узброенымі сіламі Расеі ідзе вельмі хутка. Мы б хацелі мець у нашых межаў дзяржавы з вялікім суверэнітэтам. Калі расейскіх сілаў у Беларусі будзе больш – адпаведна, пагроза для Украіны і балтыйскіх дзяржаў будзе мацней і бліжэй.

Тэрыторыя Беларусі будзе не такой нейтральнай, як нам хацелася б.

Ці бачыце вы прыкметы таго, што Беларусь будзе акупаваная і там зменіцца ўлада?

Не ведаю, каму выгадныя размовы аб тым, што Лукашэнка дрэнны для Крамля – ​​Менску ці Маскве. Думаю, што Лукашэнка выгадны для Крамля. Амаль уся эканоміка залежыць ад Расеі.

Ці можна верыць словам Лукашэнкі, што вучэнні нікому не пагражаюць?

Словы – словамі, мы глядзім на факты. Вучэнні ў 2009 і 2012 гадах былі не абарончымі. Цяпер эксперты кажуць пра сто тысячаў вайскоўцаў на «Захадзе». (Заява міністра абароны Нямеччыны Урсулы фон дэр Ляйен пра 100 тыс. вайскоўцаў выклікала здзіўленне ў Расеі. – Заўвага. «Белсат».) Таму я не веру ў словы, што вучэнні нікому не пагражаюць.

Расея, напэўна, правяла мадэрнізацыю арміі. Магчыма, пасля вучэнняў баяздольнасць Расеі вырасце – любыя вучэнні карысныя вайскоўцам.

Літва, Латвія і Эстонія нікому не пагражаюць – ні Беларусі, ні Расеі. Такой пагрозы не было стагоддзямі.

Сама ідэя мілітарызацыі гэтага рэгіёну ў Крамля іншыя намеры. Я не кажу, што Менск хацеў бы з намі вайны, але ў Крамлі адкрыта заяўляюць, што хацелі б вяртання Савецкага Саюзу і аднаўлення ўплыву ў рэгіёне. Гэта, вядома, нам пагражае.

Як вы ўспрынялі сцэнар, што НАТО нападзе на Беларусь і створыць Вейшнорыю?

Сцэнар будзе сурʼёзны, нападаючы. У вучэннях будзе ўдзельнічаць і ядравая зброя – як было ў 2013-м, што фінальная стадыя была з дээскалацыі канфлікту. Вейшнорыю я сурʼёзна не ўспрымаю – мы будзем глядзець на сцэнар, які будзе весціся на канкрэтнай арэне.

Гутарыла Ганна Русінава (Вільня)

  • Глядзіце відэасюжэт Яраслава Сцешыка пра тое, як вучэнні «Захад» забіраюць у Беларусі самастойнасць

Глядзі таксама
Каментары