Музыканты «Trubetskoy» адмовіліся ад выканання песень гурта «Ляпіс Трубяцкі»


Рок-гурт «Trubetskoy» размясціў у інтэрнэце новы кліп на песню «Завяршаецца гульня». Гэтым відэаролікам музыканты развітваюцца са спадчынай свайго легендарнага папярэдніка – калектыву «Ляпіс Трубяцкі» – і адмаўляюцца ад выканання яго рэпертуару, паведамілі ў прэс-службе гурта.

Славуты панк-рок-калектыў «Ляпіс Трубяцкі» пасля 24 гадоў працы спыніў існаванне 1 верасня 2014 года. Музыканты гурта заснавалі два незалежныя праекты – «Brutto» на чале з лідарам «Ляпісаў» Сяргеем Міхалком і «Trubetskoy» на чале з Паўлам Булатнікавым. Неўзабаве паміж новымі гуртамі ўзніклі рознагалоссі адносна права на выкананне песень «Ляпіса Трубяцкога», падае БелаПАН.

«Прайшоў год з моманту распаду «Ляпісаў» і ўтварэння нашага калектыву, – сказаў Булатнікаў. – Галоўнае, да чаго мы прыйшлі, – нам больш не патрэбныя «кастылі» ў выглядзе старых ляпісавых хітоў. Мы іх па-ранейшаму любім і прыносім прабачэнні ўсяму руху «Lyapis Crew». Магчыма, частка фанаў спадзяваліся, што мы яшчэ доўга будзем спяваць толькі «Еўпаторыю» і «Ты кінула». На жаль ці, хутчэй, на шчасце – не».

«Гэтым кліпам мы развітваемся з «Ляпісамі». Удвая сімвалічна, што песню «Завяршаецца гульня» напісаў наш стары сябар, удзельнік аднаго з першых складаў «Ляпіса Трубяцкога» Аляксандр Ролаў, а эпічнае (не пабаюся гэтага слова) відэа зрабіў Аляксей Церахаў, аўтар самых знакавых ляпісавых кліпаў – ад «Ау» да «Воінаў свету». У каманды «Trubetskoy» хутка выйдзе дэбютны альбом, і пачнецца зусім іншая гісторыя», – дадаў музыкант.

Як паведамляецца, першы поўнафарматны альбом гурта «Trubetskoy» выйдзе ў кастрычніку гэтага года. У яго ўвойдуць новыя песні, якія раней нідзе не выдаваліся. Музыканты прэзентуюць дэбютны альбом на канцэртах у Менску, Маскве, Санкт-Пецярбургу і Кіеве.

МЯ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў