МУС сцвярджае, што саджаць за наркотыкі сталі радзей


Начальнік галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС Васіль Лосіч распавёў пра зніжэнне нарказлачыннасці.

Паводле яго, у параўнанні з мінулым годам колькасць крымінальных справаў за захоўванне і збыт забароненых прэпаратаў стала менш на 10 %. Амаль удвая знізілася колькасць няпоўнагадовых, якіх прыцягнулі да адказнасці паводле 328 артыкулу Крымінальнага кодэксу (Незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў ды іх аналагаў).

«Толькі робячы больш жорсткімі пакаранні, вядома, гэтую праблему не вырашыш. Хаця мы ведаем, з гісторыі, што для таго, каб збіць хвалю наркаманіі, у некаторых краінах менавіта так і рабілі. Калі два гады таму мы рыхтавалі змены ў заканадаўства, то маніторылі грамадскае меркаванне і прыйшлі да высновы, што такое павелічэнне тэрмінаў неабходнае», – заявіў Васіль Лосіч.

Чытайце таксама >>> Прывезла 1,5 таблеткі экстазі з курорту. Прысуд – як за забойства

Юрысты і праваабаронцы адзначаюць: пасля таго як на праблему наркотыкаў звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка, павялічылася колькасць несправядлівых прысудаў. Маецца на ўвазе, што нават за невялікія дозы даюць сурʼёзныя тэрміны. Да таго ж сталі прыпісваць абвінавачанні ў захоўванні псіхатропаў з мэтай продажу без сурʼёзнай доказнай базы.

Аднак мяняць заканадаўся і дадаткова вызначаць адказнасць у залежнасці ад колькасці і небяспечнасці псіхатропаў не плануецца.

«У нас пяць частак у 328-м артыкуле, якія ахопліваюць увесь спектр дзейнасці наркагандляроў, пачынаючы ад простага захоўвання і заканчваючы дзеяннямі, звязанымі са збытам прэпаратаў, якія сталі прычынай смерці спажыўца. Дадаткова дзяліць адказнасць пакуль не плануецца. Але, магчыма, у бліжэйшай будучыні жыццё нам нешта тут падкажа», – адзначыў Лосіч.

НМ, belsat.eu, паводле Tut.by

Глядзі таксама
Каментары