МУС: Міліцыянты не затрымлівалі ўкраінца Паўла Грыба


Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі выступіла з заявай з нагоды знікнення ў нашай краіне грамадзяніна Украіны.

Падаем тэкст заявы, апублікаванай на старонцы міністэрства:

«Ва Упраўленне ўнутраных справаў Гомельскага аблвыканкаму 31 жніўня паступіў электронны зварот ад грамадзяніна Украіны Ігара Грыба аб тым, што ягоны сын, Грыб Павел Ігаравіч, 1998 года нараджэння, выехаў 24 жніўня на рэйсавым аўтобусе ў Гомель на сустрэчу са знаёмай і з таго часу яго месцазнаходжанне невядомае.

Па дадзеным факце ў парадку арт. 174 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу Беларусі Аддзелам унутраных справаў адміністрацыі Чыгуначнага раёну Гомлю праводзіцца праверка.

Устаноўлена, што ў перыяд знаходжання на тэрыторыі Беларусі грамадзянін Павел Грыб супрацоўнікамі органаў унутраных справаў не затрымліваўся, з заявамі або па іншых абставінах у міліцыю не звяртаўся. У цяперашні час яго месцазнаходжанне не ўстаноўленае.

Супрацоўнікамі ўнутраных справаў Беларусі праводзіцца комплекс аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў і прымаюцца меры да ўстанаўлення зніклага грамадзяніна Украіны.

Па заканчэнні праверкі матэрыялы будуць накіраваныя ў падраздзяленне Следчага камітэту для прыняцця рашэння аб узбуджэнні крымінальнай справы па факце знікнення грамадзяніна Украіны».

МЗС Украіны: Павел Грыб – у расейскім СІЗА

У вонкавапалітычным ведамстве Украіны Паўлу Грыбу паведамілі, што ягоны сын знаходзіцца ў расейскім СІЗА.

«У МЗС Украіны мне сказалі, што ён перабывае ў Краснадары ў СІЗА № 5», – распавёў Ігар Грыб украінскаму выданню unian.net.

Павел Грыб прыехаў у Беларусь 24 жніўня. Пазней бацька хлопца прыехаў у Гомель, каб знайсці сына, які дамовіўся на спатканне з дзяўчынаю з Расеі.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў