Пра вызваленне байца змешаных адзінаборстваў Мурада Амрыева ў Facebook паведаміў кіраўнік Камітэту па перадухіленні катаванняў Ігар Каляпін.
У каментарах праваабаронца выказвае думку, што Мурад наўрад ці пакуль зможа з’ехаць з Чачэніі.
«Пытанне з абвінавачваннем па 327-й (падробка дакументаў – заўвага belsat.eu) трэба закрыць. Напэўна, і іншыя ўмовы будуць… Мурад прыехаў у Чачэнію не свабодным. І не будзе свабодным, нават калі з яго здымуць кайданкі. Яму яшчэ трэба будзе заплаціць за тое, што яны яго адпусцяць», – піша Ігар Каляпін.
У МУС Чачэніі паведамілі, што яго выпусцілі пад падпіску аб нявыездзе.
Пасля вызвалення спартовец у інтэрв’ю праваабаронцам распавёў, што яго не катавалі падчас затрымання і перавозкі на радзіму.
10 чэрвеня Амрыеў дасць прэс-канферэнцыю ў Грозным. Пра гэта паведаміла чалец Савета па правах чалавека пры Кадыраве Хеда Саратава.
4 чэрвеня Амрыева затрымалі ў Бранскай вобласці і змясцілі ў ІЧУ, а пазней перадалі ў Следчы камітэт. Адтуль Амрыеў збег і з’ехаў на аўтамабіле знаёмых, бо за ім прыехаў чачэнскі спецназ.
8 чэрвеня спартоўца затрымалі на беларуска-украінскай мяжы і прывезлі ў Добруш. Пазней улады Беларусі прынялі рашэнне выдаць спартоўца расейскім праваахоўнікам.
У 2013-м Амрыеў звярнуўся ў Камітэт па перадухіленню катаванняў і распавёў праваабаронцам, што яго незаконна затрымалі паліцыянты Грознага і катавалі токам, білі ды падвешвалі пад столлю. Паводле спартоўца, такім чынам улады Чачэніі спрабавалі змусіць вярнуцца ў рэспубліку ягонага брата Зураба, які жыве ў Нямеччыне.
9 чэрвеня Мурада Амрыева перадалі кадыраўцам. «Амрыеў перададзены супрацоўнікам паліцыі Чачні», – паведаміў прадстаўнік сілавікоў Цэнтральнай федэральнай акругі Расеі.
«Я чуў, нібыта я арганізаваў нейкі замах, на нейкага начальніка паліцыі (гаворка ідзе пра кіраўніка паліцыі Грознага Магамеда Дашаева – Заўв. Belsat.eu). Мурада ў гэтым абвінавацілі. Нібыта ён таксама да гэтага датычны. Нейкае трызненне», – распавёў брат Мурада Амрыева Зураб. Падчас другой чачэнскай вайны Зурабамрыеў ваяваў супраць «федэралаў».
«На радзіме яны проста разарвуць майго сына на кавалкі», – распавяла Belsat.eu маці затрыманага чачэнскага спартоўца.
Мурад Амрыеў уцёк з Расеі ва Украіну ў 2013 годзе. З таго часу спартовец выступаў на спаборніцтвах ММА пад украінскім сцягам.
ДР belsat.eu