Шмат расейскіх выдавецтваў, мала беларускамоўных выданняў, кнігі пра Другую сусветную вайну – галоўныя акцэнты сёлетняга Міжнароднага кніжнага кірмашу, які адчыніўся ў Менску.
Чырвоную стужку на цырымоніі адкрыцця перарэзалі міністр інфармацыі Лілія Ананіч, старшыня савету рэспублікі Міхаіл Мясніковіч і намеснік старшыні адміністрацыі прэзідэнта РБ Ігар Бузоўскі.
Апроч беларускіх стэндаў, на выставе можна набыць кнігі з Сірыі, Палестыны, Украіны, Казахстану, ЗША, Вялікай Брытаніі, Францыі, Венесуэлы, Ірану, Нямеччыны.
Сярод беларускіх выдавецтваў найвялікшай экспазіцыяй кніг могуць пахваліцца «Галіяфы», якія падрыхтавалі для выставы 70 пазіцыяў.
Галоўная літаратарка мінулага года Святлана Алексіевіч на кірмашы не зʼявілася. Без твораў нобэлеўскай лаўрэаткі абышліся і ў беларускім павільёне. Затое ейны партрэт павесілі на адным са стэндаў расейскага выдавецтва.
Выстава, якая сабрала выдавецтвы з больш чым дзясятку краінаў, будзе працаваць да 14-га лютага.
ДР, belsat.eu