Міністэрства працы абяцае беларусам да канца года павысіць пенсіі


Павышэнне працоўных пенсіяў у Беларусі адбудзецца да канца 2016 года, паведаміў 31 жніўня намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валерый Кавалькоў падчас анлайн-канферэнцыі на сайце міністэрства.

Пераразлік працоўных пенсіяў з улікам росту сярэдняй заработнай платы работнікаў у рэспубліцы будзе праведзены ў межах сродкаў дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, адзначыў Кавалькоў.

Паводле звестак Белстату, сярэдні памер пенсіяў па ўзросце ў Беларусі ў ліпені 2016 года склаў 291,2 рубля.

21 красавіка Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся з пасланнем да беларускага народу і парламенту, адзначыў, што цэны ў краіне растуць і рэальныя прыбыткі пенсіянераў зніжаюцца. «Мы пастараемся ў другім паўгоддзі абавязкова павысіць пенсіі», – заявіў ён. Апошні раз пенсіі павышаліся напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў – 1 верасня 2015 года (на 5 %).

МЯ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў