Міністэрства аховы здароўя: Зніжаныя цэны на шэраг беларускіх і замежных лекаў


Цэны на айчынныя і замежныя лекі ў Беларусі зніжаныя па шэрагу пазіцый па выніках маніторынгу фармрынка, паведаміла БелТА начальнік упраўлення фармацэўтычнай інспекцыі і арганізацыі лекавага забеспячэння Людміла Рэуцкая.

Маніторынг быў арганізаваны па даручэнні Аляксандра Лукашэнкі. Пасля візіту кіраўніка дзяржавы ў г.п. Копысь Аршанскага раёна Міністэрству аховы здароўя была пастаўлена задача – правесці глыбокі аналіз коштаў на асобныя лекавыя сродкі, якія ў Беларусі даражэй, чым у сумежных краінах, і выпрацаваць рашэнні па іх зніжэнні.

Цяпер у Беларусі такіх лекавых сродкаў усяго каля 4,4% ад усіх зарэгістраваных. Цэны на астатнія лекі знаходзяцца на супастаўным узроўні і ніжэй, чым у сумежных краінах. Міністэрства аховы здароўя сумесна з РУП «Белфармацыя» распрацаваў і рэалізуе комплекс мер па зніжэнні коштаў на айчынныя прэпараты і лекі замежнай вытворчасці да ўзроўню іх кошту ў сумежных дзяржавах.

«Кожны тыдзень у міністэрстве праводзяцца перамовы па гэтым пытанні. Мы запрашаем вытворцаў для абмеркавання далейшых магчымасцяў зніжэння коштаў на лекавыя сродкі», – адзначыла Людміла Рэуцкая.

Праведзены перамовы з 10 замежнымі пастаўшчыкамі (вытворцамі), такімі як: Sandoz Pharmaceuticals d.d. (Славенія), GlaxoSmithKline Export Limited (Вялікабрытанія), фармацэўтычны завод «Польфарма» АТ (Польшча), ААТ «Хімічны завод Гедэон Рыхтэр» (Венгрыя), Bayer Pharma AG (Германія), Abbott Products Operations AG (Швейцарыя), KRKA (Славенія) і інш.

Па выніках праведзеных перамоў ужо атрыманы прапановы па зніжэнні кантрактных цэн ад 10% да 60% ад ЗАТ «Фармацэўтычны завод ЭГІС» (Венгрыя), Abbott Products Operations A.G. (Швейцарыя), Bayer Pharma AG (Германія), KRKA (Славенія) больш чым на 40 найменняў лекавых сродкаў.

З айчыннымі вытворцамі таксама праведзены перамовы аб неабходнасці зніжэння кошту асобных медыкаментаў. Па выніках перамоў атрыманы прапановы па зніжэнні адпускных цэн на лекі ад РВУП «Акадэмфарм», ТАА «Рубікон», СП ТАА «Фармлэнд», СТАА «Лекфарм». Практычна на ўсе праблемныя пазіцыі адпускныя цэны ў беларускіх вытворцаў зніжаны.

«Адзначу, што падаражэнне выдаткаў у фармацэўтычнай вытворчасці (для айчынных лекавых сродкаў) звязана з выкарыстаннем у яе працэсе значнай часткі імпартнай сыравіны і матэрыялаў па канʼюнктурных цэнах знешняга рынку. Асноўная сыравіна (фармацэўтычныя субстанцыі) і асобныя дапаможныя матэрыялы набываюцца вытворцамі за валюту. Кошт валютнага складніка вызначае больш за 40% выдаткаў на вытворчасць, а па асобных пазіцыях больш за 70% », – патлумачыла Рэуцкая.

Паводле яе слоў, паступленне ў сеткі аптэк лекаў па зніжаных коштах арганізавана ў магчыма кароткі тэрмін.

***

З 23 жніўня па 18 верасня Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі запускае гарачую лінію для кліентаў менскіх аптэк. Калі вам здаюцца падазронымі цэны, даступнасць, наяўнасць лекаў, можна будзе тэлефанаваць па нумары +375 17 200-92-02 і выказацца з гэтай нагоды. Званкі прымаюцца ў працоўныя дні з 9.00 да 13.00 і з 14.00 да 18.00.

КА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары