Міліцыя склала пратакол за фотарэпартаж з Непалу, апублікаваны на сайце «Белсату»


Незалежная журналістка з Гомлю Ларыса Шчыракова наведала Гімалаі. Там яна зрабіла здымкі, за якія ўчастковы інспектар Сяргей Прымакоў склаў на яе пратакол – за незаконны выраб прадукцыі медыяў.

Фотарэапартаж з’явіўся на нашым сайце 16 траўня.

«У беларускіх міліцыянтаў дзіўная логіка: фотаздымкі я рабіла ў Непале ў Гімалаях, падчас узыходжання на гару Манаслу, а мяне вінавацяць, што я, будучы неакрэдытаванай у Рэспубліцы Беларусь, ажыццяўляла прафесійную дзейнасць як журналістка замежнага СМІ. У Непале да мяне прэтэнзіяў не было, а ў роднай Беларусі з’явіліся. Так і хочацца паўтарыць словы з вядомага шлягера: «Адпусціце мяне ў Гімалаі», – сказала Ларыса Шчыракова службе маніторынгу грамадскай арганізацыі «БАЖ».

Журналістка звяртае ўвагу на недарэчнасць і іншых фармулёвак у адміністрацыйным пратаколе. Паводле ўчастковага Прымакова, яна нібыта размясціла «артыкул у выглядзе сюжэту ў эфіры тэлеканалу», хоць фотарэпартаж публікаваўся толькі на сайце.

«І смех, і грэх. Але ж такую абракадабру суды разглядаюць усур’ёз і выносяць астранамічныя штрафы», – працягвае Шчыракова.

Калі суд Гомельскага раёну разгледзіць міліцэйскі пратакол, пакуль невядома – позвы яшчэ няма.

6 ліпеня журналістку Шчыракову выклікаюць у Рэчыцкі раённы суд, дзе мае адбыцца разгляд справы за «журналісцкую дзейнасць без акрэдытацыі». Ларысу Шчыракову абвінавачваюць у падрыхтоўцы сюжэту «Сёння ў бітумнай яме гіне жывёла, заўтра – людзі?»

НМ, belsat.eu, паводле baj.by

Стужка навінаў