Міліцыі і пракуратуры не спадабаўся артыкул пра малюнкі на бруку. Асудзілі журналістку


Суд Глыбоцкага раёну Віцебскай вобласці прызнаў незалежную журналістку вінаватай у парушэнні артыкула 22.9 КаАП (незаконны выраб або распаўсюд прадукцыі СМІ), паведамляе прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Справу супраць Таццяны Смоткінай завялі пасля з’яўлення на сайце «Беларускага Радыё Рацыя» артыкулу «Дарогі ў Глыбокім стануць пазітыўнымі».

– Гэта быў матэрыял пра тое, што навучэнцы Глыбоцкай мастацкай школы імя Язэпа Драздовіча размалявалі гарадскія люкі, «ператварыўшы» іх у чарапашак, рыбак, гузікі ды іншыя забаўкі. Пасля матэрыялу старшы інспектар аддзелу аховы правапарадку і прафілактыкі Глыбоцкага РАУС Вячаслаў Барыла склаў на мяне пратакол правапарушэння. Прычым не патлумачыў мне правы і абавязкі асобы, у дачыненні да якой вядзецца адміністрацыйны працэс, пра што я ў тым самым пратаколе і напісала заўвагу, – кажа Таццяна Смоткіна.

Журналістка хадайнічала, каб судовы працэс праходзіў на беларускай мове, але гэтае хадайніцтва было адхілена. У суд сведка, супрацоўніца райвыканкаму, словы якой былі працытаваныя ў артыкуле, не з’явілася. Як вынікае з матэрыялаў справы, яе ініцыявала Глыбоцкая пракуратура: гэтая інстанцыя даручыла міліцыі правесці праверку, ці мае спадарыня Таццяна акрэдытацыю ў якасці замежнага карэспандэнта. Вынік праверкі быў адмоўны, але Таццяна Смоткіна лічыць, што, паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, кожны грамадзянін мае права атрымліваць інфармацыю і дзяліцца ёй з іншымі.

Судовае рашэнне Таццяна Смоткіна збіраецца абскарджваць у Віцебскім абласным судзе.

У чаканні судоў знаходзіцца яшчэ шэраг журналістаў, на якіх складзеныя пратаколы па 22.9 КаАП: у прыватнасці, Алесь Ляўчук, Алесь Дзянісаў, Алесь Кіркевіч, Аліна Літвінчук і Ігар Барысаў.

МЛ, паводле baj.by

Стужка навінаў