Апошняе спатканне ў турме, але не апошняе за кратамі. Міколу Статкевічу дазволілі сустрэцца з жонкаю. Менш як праз месяц у палітыка сканчаецца тэрмін перабывання ў турме, і яго мусяць перавесці ў адну з калоніяў.
Марына Адамовіч, жонка палітвязня:
«Ён не памяняўся. Я маю на ўвазе, дух яго абсалютна моцны, загартаваны. Учора гаварылі шмат пра этап, які яму належыць перажыць. Ну, і Мікола сказаў такую вельмі простую рэч: што я ўсведамляю, што могуць быць розныя варыянты, але маральна і псіхалагічна да любога варыянту гатовы».
У траўні 2011 года былога кандыдата на прэзідэнцтва Міколу Статкевіча асудзілі на шэсць гадоў зняволення нібыта за арганізацыю масавых беспарадкаў падчас пратэставага мітынгу ў Менску. Пазней палітыка, які прынцыпова адмаўляўся пісаць заяву аб памілаванні, прызналі злосным парушальнікам рэжыму і перавялі ў магілёўскую турму.