Міхалок у Шаблях: «Будзе моцна і гучна»


У суботу на хутары Шаблі Сяргей Міхалок прэзентуе акустычную праграму «Зорачкі». Арганізатары чакаюць каля 1500 гледачоў.

Дагэтуль «творчыя вечары», як называе такія канцэрты музыка, праходзілі ва Украіне. Квіткі на іх разыходзіліся імгненна. У акустычную праграму Міхалка ўваходзяць абраныя песні з розных часоў – ад ранняга «Ляпіса» да апошніх гітоў «Brutto».

Першы акустычны выступ Сяргея на Радзіме выклікаў немалы ажыятаж. «Мы чакаем каля 1500 чалавек. Квіткі коштам 35 рублёў яшчэ застаюцца ў касе на адрасе Калініна 5, можна іх будзе набыць і на месцы, але ўжо даражэй – па 50 рублёў», – паведаміў «Белсату» гаспадар хутару і арганізатар канцэрту Уладзімір Шаблінскі. Ужо мантуецца сцэна для канцэрту. Нягледзячы на камерны фармат імпрэзы, абяцаецца, што будзе «моцна і гучна». Міхалок будзе не толькі спяваць, але і чытаць свае вершы ды адказваць на пытанні слухачоў. Разам з ім на сцэну выйдуць гітарыст Павел Траццяк і адзін з вакалістаў «Brutto», адэскі музыка Дзяніс Мельнік (Лефт). Праграма разлічаная на дзве з паловаю гадзіны, а пры канцы вечара будзе феерверк.

Цягам імпрэзы ў Шаблях будуць працаваць дзіцячыя зоны, фудкорт. Алкаголю прадаваць на тэрыторыі хутару не будуць, але арганізатары кажуць, што яны не абмяжоўваюць гледачоў у прывозе напояў і ежы. Уладзімір Шаблінскі дадае, што ахвотныя могуць застацца ў намётавым лагеры да 18:00 нядзелі. Дабрацца да Шаблёў магчыма ў тым ліку адмысловымі аўтобусамі (можна запісацца тут). Таксама ад чыгуначнай станцыі «Валожын» да Шаблёў будуць хадзіць бясплатныя аўтобусы.

Стужка навінаў