Мігранты ў трэндзе: найлепшы здымак «World Press Photo 2015» – уцякач з дзіцём


Аўстралійскі фатограф-фрылансэр Ўорэн Рычардсан стаў лаўрэатам прэстыжнай прэміі за здымак мігранта паблізу памежнага пункту Рэске ў Вугоршчыне.

Мужчына праз калючы дрот перадае сваё дзіця. Чорна-белы здымак пад назваю «Надзея на новае жыццё» быў зроблены 28 жніўня летась. Гэткім чынам журы пастанавіла адзначыць найгоршы крызіс перасялення ў Еўропе з часоў Другое сусветнае вайны.

Сапраўды, фота адлюстроўвае трагедыю мільёнаў людзей, якія бягуць ад галечы ды вайны, шукаючы прытулку ў Еўропе. За апошні год сербска-вугорскую мяжу спрабавалі мінуць больш за мільён мігрантаў.

Сябра журы Вон Ўоліс, намеснік галоўнага фотарэдактара «Al Jazeera» у ЗША, назваў здымак «неверагодна магутным візуальна, але ў той жа час з вялікай колькасцю нюансаў».

Паводле яго, фота «прымушае спыніцца і разгледзець твар чалавека, разгледзець дзіцяці, пабачыць вострасць калючага дроту і працягнутыя рукі з цемры».

Арганізацыя World Press Photo існуе з 1955 года і займаецца правядзеннем найбуйнейшай і самай прэстыжнай штогадовай прэміі ў галіне фотажурналістыкі. Цырымонія ўзнагароджання праходзіць у Амстэрдаме. Пасля конкурсу са здымкаў пераможцаў збіраюць выставу, якую штогод наведваюць больш за мільён людзей у 40 краінах.

ДР, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары