Менск пабіў рэкорд у колькасці кватэраў на продаж на другасным рынку


Траціна лютаўскіх угодаў датычыць кватэраў з добрым рамонтам, мэбляй і ўбудаванай бытавой тэхнікай.

Эксперты лічаць, што цяпер у Менску – добры час, каб набываць кватэру, і кепскі – каб прадаваць.

Намеснік старшыні аддзелу кансалтынгу і аналітыкі групы кампаніяў «Твая сталіца» Андрэй Чарнышоў у размове з БелаПАН распавёў, што ў лютым на продаж на другасным рынку ў Менску выставілі рэкордную колькасць кватэраў – 9,7 тыс. Гэта рэкорд.

Долі аднапакаёвых і двухпакаёвых кватэраў прыкладна аднолькавыя – каля 33 %. Паводле абʼёму прапановаў у лідарах – Фрунзенскі раён. Са значным адрывам ад яго ідуць Маскоўскі і Першамайскі раёны. Менш за ўсё кватэраў прапаноўваюць у Кастрычніцкім.

«Абʼём прапановаў расце і цісне на прадаўцоў, прымушаючы іх зніжаць кошты. Бо ў выпадку завышанай цаны на кватэру папросту не звернуць увагі», – адзначыў эксперт.

За люты сярэдні кошт прапановы квадратнага метра знізіўся на 4% і склаў $ 1.385 для аднапакаёвых кватэр, 1.350 – для двухпакаёвых і 1.345 – для трохпакаёвых кватэр.

Паводле колькасці праведзеных угодаў люты 2016 года аказаўся больш актыўным, чым аналагічныя перыяды 2015 і 2014 гадоў. У параўнанні са студзенем колькасць зарэгістраваных пераходаў права ўласнасці вырасла на 66 %. Апошні раз такія лічбы зафіксавалі ў лютым 2013 года.

«Зніжэнне коштаў і высокая лаяльнасць прадаўцоў дазволілі значна большай колькасці пакупнікоў у лютым спыніць свой выбар не на кватэрах стандартных спажывецкіх якасцяў (якія, як правіла, патрабуюць касметычнага рамонту і прадаюцца без мэблі), а набыць кватэры, гатовыя да пражывання», – адзначыў Чарнышоў.

Паводле аналітыка, трэцяя частка ад усіх лютаўскіх здзелак датычыць кватэраў з добрым рамонтам, мэбляй і ўбудаванай бытавой тэхнікай.

Характарызуючы рынак арэндных кватэраў, Чарнышоў падкрэсліў, што зніжэнне ставак арэнды, памяншэнне колькасці арандатараў і павышэнне камунальных плацяжоў не прымушае ўладальнікаў прадаваць кватэры – хутчэй, наадварот:

«Нестабільная эканамічная сітуацыя робіць укладанне сродкаў у нерухомасць, нават на рынку, што падае, значна больш стабільным актывам, чым усе астатнія. Бо перыяд спаду рана ці позна зменіцца перыядам стабільнасці і росту. Менавіта таму шматлікія ўладальнікі кватэраў лічаць, што лепш утрымліваць арэнднае жыллё, якое прыносіць хай меншы, але ўсё ж такі прыбытак, чым выстаўляць яго на продаж за нізкі кошт».

ДД

Глядзі таксама
Каментары