Менск і Тбілісі – гарады-пабрацімы


Пагадненне аб пабрацімскіх сувязях было падпісана 11 верасня ў гарадской ратушы беларускай сталіцы. Подпісы пад дакументам паставілі старшыня Менскага гарвыканкаму Андрэй Шорац і мэр Тбілісі Давіт Нарманія.

«Пагадненне падпісанае ў мэтах развіцця міжнародных, эканамічных і культурніцкіх сувязяў, – адзначылі ўдзельнікі цырымоніі, – і будзе спрыяць усталяванню і пашырэнню двухбаковых стасункаў у эканамічнай, навукова-тэхнічнай, культурніцкай сферах, развіццю інвестыцыйнай ды інавацыйнай дзейнасці, супрацы ў галіне аховы здароўя, адукацыі, культуры і спорту».

Як паведаміў журналістам мэр Тбілісі пасля падпісання пагаднення, грузінская дэлегацыя застанецца ў Беларусі да 12 верасня. «Мы ўжо паглядзелі горад. Ён нас уразіў, у прыватнасці – старая частка сталіцы. Для нас вельмі важна было ўбачыць зялёныя зоны гораду. Мы можам пераняць ваш досвед у шмат якіх сферах. Цяпер рыхтуецца новы генплан развіцця Тбілісі, і для нас важна захаванне гістарычнай часткі, сучасныя падыходы ў архітэктуры, азеляненні гораду. Думаем, што досвед Менску будзе вельмі карысным», – адзначыў мэр.

На ягоную думку, прыярытэтам стане развіццё стасункаў у інвестыцыйнай сферы, у гандлі, у турызме. «Апошнімі гадамі інтэнсіўна развіваюцца турыстычныя плыні, з’явіўся наўпроставы авіярэйс. Трэба прыкласці намаганні з нашага боку, каб павялічыць колькасць турыстаў», – мяркуе мэр Тбілісі.

Старшыня Менскага гарвыканкаму Андрэй Шорац адзначыў: «У Тбілісі мы можам запазычыць досвед працы ў прыцягненні турыстаў – тут у нас непачаты край працы. Тбілісі за апошнія некалькі гадоў зрабіў велізарны крок, каб у Грузію паехалі турысты», – рэзюмаваў Шорац.

ЮВ, belsat.eu, паводле naviny.by

Стужка навінаў