Менгарвыканкам: Атрымалі 13 скаргаў на малюнак «Менск-Масква»


Менскія чыноўнікі кажуць, што атрымліваюць як «хвалебныя», так і «незадаволеныя» звароты наконт скандальнага графіці. Пры гэтым дэталі хвалы і крытыкі не раскрываюць.

Chlop

У Менгарвыканкам паступіла 13 негатыўных і 16 пазітыўных электронных зваротаў наконт беларуска-расейскага графіці. Пра гэта паведаміла прэс-служба гарадской адміністрацыі.

Пры гэтым не раскрываецца, што канкрэтна пішуць людзі ў сваіх зваротах. Заўважылі толькі, што нібыта адмоўныя звароты маюць амаль ідэнтычны тэкст, а аўтары станоўчых лістоў заўважалі, што фасады шэрых дамоў сталі «маляўнічымі і яскравымі».

Мурал, які сімвалізуе сяброўства беларускай ды расейскай сталіц, быў створаны на фасадах двух дамоў па вуліцы Магілёўскай у падарунак Менску да Дзён Масквы – па ініцыятыве прадстаўніцтва сталіцы Расеі. Працу выконваў яраслаўскі маляр Артур Кошак.

Учора мелася адбыцца афіцыйнае адкрыццё малюнку, якое вырашылі наведаць актывісты «Маладога фронту». Яны прыйшлі з бел-чырвона-белымі сцягамі і пікетавалі афіцыйную імпрэзу. Невядомыя людзі ў спартовых касцюмах спрабавалі перашкодзіць грамадскім актывістам.

«Пуцін – забойца!»: «Малады фронт» сарваў адкрыццё муралу «Менск-Масква»

Пачатак цырымоніі зацягваўся. Урэшце песні пра Маскву і Менск зрабілі гучней, а масоўка падцягнулася бліжэй. Прадстаўнікі Менгарвыканкаму і мэрыі Масквы сімвалічна пшыкнулі балончыкамі з фарбай унізе графіці. Прамоваў у мікрафон чуваць не было. Праз пару хвілін людзі ў майках «Белай Русі» ужо згортвалі сцягі.

НМ, belsat.eu, паводле Naviny.by

Стужка навінаў